Паплечнік Пуціна аплаціў на Багамах вясельныя гулянні Дональда Трампа-малодшага
2- 15.09.2026, 8:59
- 1,840
Расійскі алігарх паднёс «надзвычай шчодры падарунак».
Жонка сына прэзідэнта Дональда Трампа-малодшага, Бэціна Андэрсан, у панядзелак, 14 верасня, апублікавала допіс у Instagram, у якім пацвердзіла, што расійскі алігарх Умар Крэмлёў арганізаваў частку іх майскіх вясельных урачыстасцяў на прыватным востраве на Багамах як «надзвычай шчодры вясельны падарунак», паведамляе CBS News.
Выданне паведамiла, што яе допіс з'явіўся пасля таго, як у панядзелак раніцай ProPublica апублікавала артыкул з загалоўкам: «Вяселле Дональда Трампа-малодшага на Багамах таемна фінансаваў расійскі алігарх, блізкі да Пуціна».
Андэрсан адзначыла, што расійскі бізнесмен, якога яна назвала «нашым дарагім сябрам», пасля іх вяселля ўладкаваў два вечары ўрачыстасцяў.


У артыкуле адзначаецца, што Крэмлёў з'яўляецца генеральным сакратаром Міжнароднай федэрацыі бокса і паплечнікам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Жонка сына прэзідэнта ЗША адзначыла, што само вяселле было толькі для сям'і. Прэзідэнт Трамп не прысутнічаў, спаслаўшыся на свае абавязкі ў Вашынгтоне.
«Наступныя выходныя насамрэч былі загадзя запланаваныя як вясёлыя выходныя з сябрамі. Мы ніколі не планавалі, што гэта будзе наш вясельны ўік-энд. Калі змяніліся нашы пачатковыя планы адносна вяселля, мы проста вырашылі пажаніцца раней і прыехалі на ўжо запланаваны ўік-энд як маладыя. Наш дарагі сябар Умар вельмі шчодра ўладкаваў для нас дзве неверагодныя вечарынкі пасля нашага вяселля. Гэта быў надзвычай шчодры вясельны падарунак ад сябра, і мы былі і застаёмся за гэта неверагодна ўдзячныя», – расказала Андэрсан.
Выданне адзначыла, што незразумела, як яны пазнаёміліся з Крэмлёвым. Андэрсан пазначыла ў сваім допісе: «Сяброўству не патрэбныя палітычныя матывы».
«Нам пашанцавала мець выдатных сяброў з усяго свету, і мы ніколі не будзем саромецца або выбачацца за тое, што ўдзячныя ім. Ніякай змовы не было», – падкрэсліла Андэрсан.

Выданне паведамiла, што, паводле ацэнак Forbes, чысты капітал Дональда Трампа-малодшага складае прыблізна 300 мільёнаў долараў.
CBS News звярнулася да «Trump Organization» з пытаннем, чаму Трамп-малодшы, які займае пасаду выканаўчага віцэ-прэзідэнта гэтай кампаніі, прыняў гэты падарунак.
Прыкметна, што прэс-служба Крэмлёва паведаміла ProPublica ў заяве, што ён і Трамп-малодшы «падтрымліваюць сяброўскія адносіны» і ўпершыню сустрэліся «некалькі гадоў таму».
У заяве адзначаецца, што Крэмлёў «ніколі не абмяркоўваў палітычныя пытанні ні з адным са сваіх амерыканскіх сяброў і знаёмых».