Трыбунал у Гаазе прысудзіў экс-прэзідэнта Косава да 25 гадоў турмы
- 16.09.2026, 15:53
Фота: Getty Images
Хашыма Тачы прызналі вінаватым у ваенных злачынствах.
Трыбунал па ваенных злачынствах у Гаазе прызнаў былога прэзідэнта Косава Хашыма Тачы вінаватым у ваенных злачынствах, уключаючы забойствы, катаванні і незаконнае затрыманне. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
58-гадовы Тачы быў прысуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі за злачынствы, учыненыя ім на пасадзе камандзіра Арміі вызвалення Косава (АВК) у 1990-х гадах.
Трыбунал прызнаў яго вінаватым у забойстве 96 палітычных апанентаў у 1998—1999 гадах падчас узброенага канфлікту ў былой Югаславіі. Яго таксама асудзілі за адвольнае незаконнае затрыманне 385 чалавек, катаванні 303 чалавек і жорсткае абыходжанне з 49 людзьмі. Ніхто з пацярпелых на момант учынення злачынстваў не прымаў актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях, дадаў суд.
Трыбунал заявіў, што Тачы сам актыўна ўдзельнічаў у здзяйсненні злачынстваў і заахвочваў іх. Так, у раёнах, якія кантралявала Армія вызвалення Косава, стваралі цэнтры ўтрымання пад вартай асоб, якіх лічылі праціўнікамі АВК, заявіў старшынствуючы суддзя Чарльз Сміт. Паводле яго слоў, людзей там утрымлівалі ў нялюдскіх умовах, збівалі, трымалі ў крохатных камерах, не забяспечвалі дастатковай ежай і медыцынскай дапамогай, а таксама забівалі.
Сам Тачы ўсе гэтыя абвінавачанні адмаўляў.
Спецыяльны трыбунал па Косаве быў створаны ў жніўні 2015 года, асобна ад Міжнароднага трыбуналу ААН па былой Югаславіі. Яго перанеслі ў Гаагу, каб пазбегнуць ціску на сведкаў і забяспечыць незалежнасць працэсу. Паводле слоў суддзяў, судовае разбіральніцтва адбывалася на фоне жорсткага запалохвання сведкаў.
Тачы быў арыштаваны ў лістападзе 2020 года.