У Мядзеле яблыня зацвіла ў канцы верасня
2- 22.09.2026, 8:26
Фотафакт.
Квітнеючае дрэва заўважылі ў Мядзеле, піша narachanka.by.
Амаль вясновая карціна паўстала ў Набярэжным завулку.
На яблыні з'явіліся кветкі ў канцы верасня.
Мясцовыя жыхары гадаюць, што ж адбылося з прыродай.
Незвычайную для нашых шырот з'яву сфатаграфавала ў сваім двары мядзельчанка Кацярына Клімовіч.

Чаму дрэва расцвіло, адказала біёлаг Тэрэза Лаздоўская.
Яна патлумачыла, што прычына крыецца ў рэзкай змене надвор'я. І нагадала, што напрыканцы жніўня трымалася спякота, а пасля прыйшлі рэзкае пахаладанне і ліўні.
«Справа ў тым, што пры вельмі высокай тэмпературы паветра і адсутнасці дажджоў дрэва нібыта заціхае, многія жыццёвыя працэсы ў ім прыпыняюцца. А калі тэмпература становіцца ўмеранай і з'яўляецца дастаткова вільгаці, вегетацыя аднаўляецца», — адзначыла біёлаг.
Тады сады могуць зноў зацвісці. Асабліва чулліва на змену надвор'я рэагуюць маладыя парасткі.
Увогуле для Беларусі восеньскае цвіценне пладовых дрэў — нярэдкая з'ява.
Праўда, часцей за ўсё яно сустракаецца ў Брэсцкай вобласці. Гэтым разам яно адбылося на поўначы Міншчыны.