22 верасня 2026, aўторак, 13:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Літвы пракаментаваў магчымую калійную здзелку ЗША з рэжымам Лукашэнкі

5
Кіраўнік МЗС Літвы пракаментаваў магчымую калійную здзелку ЗША з рэжымам Лукашэнкі
Кястуціс Будрыс

Угнаенні, здабытыя ў Беларусі, не могуць трапіць на тэрыторыю ЕС.

Учора прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што працуе над здзелкай з Беларуссю, паводле якой будзе закупляць калійныя ўгнаенні па больш нізкай цане, чым ЗША атрымліваюць з суседняй Канады.

Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс пракаментаваў LRT, што гэта справа двухбаковых адносін паміж ЗША і Беларуссю, і наўпрост на Літву гэта, маўляў, не ўплывае.

«Тое, што адбываецца паміж ЗША і Беларуссю, — гэта двухбаковыя адносіны, адносіны паміж гэтымі дзяржавамі. Адмена санкцый ЗША наўпрост не звязаная з дзеяннямі Еўрапейскага саюза, з яго санкцыйнай палітыкай. Таму, даведаўшыся пра гэту заяву з публічнай прасторы, мы разглядаем яе як пытанне двухбаковых адносін, якое нас наўпрост не датычыць», — сказаў ён.

На пытанне, ці выказваў Вашынгтон жаданне, каб беларускія калійныя ўгнаенні рухаліся на рынак ЗША праз тэрыторыю Літвы або літоўскія порты, Будрыс кажа, што кансультаваў амерыканскіх чыноўнікаў наконт таго, як працуюць санкцыі ЕС: «Цяперашняе рэгуляванне пры ўвядзенні санкцый супраць Беларусі прадугледжвае, што на тэрыторыі ЕС не можа быць ніякіх угнаенняў. Гэта ахоплівае і транзіт. Не мае значэння, каму належаць калійныя ўгнаенні, не мае значэння, якая кампанія іх адпраўляе, не мае значэння, у якой краіне яны зарэгістраваныя, калійныя ўгнаенні, здабытыя ў Беларусі, не могуць трапіць на тэрыторыю ЕС», — кажа Будрыс.

Таму ніводная дзяржава ЕС сёння не можа быць часткай пагаднення аб угнаеннях паміж ЗША і Беларуссю, запэўнівае міністр замежных спраў Літвы.

На пытанне, ці аказвалі ЗША ціск на Літву або ЕС наконт перагляду санкцый супраць Беларусі, Будрыс кажа, што прычыны, чаму супраць Беларусі ўведзены санкцыі, зразумелыя — парушэнні правоў чалавека, разгром апазіцыі, падтрымка Расіі. «Пакуль гэта не змянілася, няма падстаў казаць, што санкцыі могуць быць перагледжаныя. Я сёння не бачу ніякай прасторы для дыскусій на гэтую тэму», — заявіў Будрыс.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках