«Ненадаўга мне стала шкада Лукашэнкі»
3- Віталь Цыганкоў, «Белсат»
- 23.09.2026, 15:30
- 2,556
Прылятае паглядзець на «дасягненні» — а там хрусь — і папалам.
Уявіце іронію сітуацыі: Лукашэнка, галоўны прыхільнік калгаснага ладу, які тры дзесяцігоддзі абараняў калгас як прынцып, як механізм кантролю над сялянамі, — цяпер перадае калгасы прыватнаму бізнесу і фермерам, якіх ён заўсёды не любіў. Чаму ў прыватнікаў усё квітнее, а ў калгасах не тэрэбіцца лён-даўгунец?
Прызнаюся ў адным вельмі дзіўным пачуцці, якое нядаўна мяне ахапіла. Ненадаўга, вядома. Мне стала шкада Аляксандра Лукашэнкі. Я бачыў, як ён хадзіў па гэтым калгасным полі, дзе ляжаў ужо прагнілы лён, — хадзіў разгублены, раззлаваны і пытаўся ў сваіх чыноўнікаў, у сваёй запалоханай світы, што ж тут адбываецца.
Даўно назіраючы за гэтым персанажам, падаецца, магу сцвярджаць, што ў дадзеным канкрэтным выпадку гэта не гульня, не пастаноўка для публікі. Гэта шчырае расчараванне і крыўда. «Я ад цябе гэтага не чакаў», — сказаў Лукашэнка кіраўніку Магілёўскага аблвыканкама.

І сапраўды, было ад чаго расчаравацца. Прылятае з інспекцыяй у Шклоўскі раён, яго верталёт садзіцца на поле дзяржаўнага сельгаспрадпрыемства, а тут поўны бардак і заняпад. Я перагледзеў усе відэа, якія ў той дзень давалі дзяржаўныя каналы, і магу засведчыць: Лукашэнка заранёў не хацеў рабіць ніякай жорсткай вымовы чыноўнікам, наадварот, увесь час відавочна сябе стрымліваў.
І вось уявіце сабе яго пачуцці. Больш за 30 гадоў дамагаецца дысцыпліны і парадку, не дазваляе прыватнаму бізнесу замацавацца на вёсцы, шалёныя грошы ўкідвае з бюджэту на падтрымку дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў. Міністры змяняюцца часцей, чым дзяўчаты, што сядзяць побач з ім на афіцыйных мерапрыемствах. (З верасня 2020 года ў Беларусі змянілася пяць міністраў сельскай гаспадаркі і харчавання.) Прылятае паглядзець на дасягненні — а там хрусь — і папалам.
«У іншых месцах яшчэ горш» — само сабой. «У цябе людзі не працуюць» — само сабой. Гэта ж калгас — хоць ужо і з новай назвай, але па сутнасці калгас, дзяржаўнае прадпрыемства. Глядзіш на гэтыя кадры з гнілым ляном і думаеш: ці магло б такое быць у фермера, у прыватніка? Ды фермер выкруціцца як можа, знойдзе людзей, заплаціць ім больш, выйдзе сам, са сваёй сям’ёй, у поле — але не дасць загінуць ураджаю. Бо гэта ягоны даход, ягоныя грошы на жыццё, урэшце ягоная справа, ягоны гонар.

Адказваючы на запыт пра некалькі дадатковых адзінак тэхнікі, Лукашэнка адзначыў, што не праблема — даць каманду на пастаўку тэхнікі, але пытанне ў тым, як гэта гаспадарка пры такой працы зможа за яе разлічыцца. «Купляй. Але што ты купіш за гэты лён? Тут элементарнай дысцыпліны няма. Калі няма тэхналогіі, навошта даваць трактары і камбайны?»
Успамінаецца савецкі анекдот. «Што збіраюць, калі няма ўраджаю?» — «Пленум ЦК КПСС!»
Можа, яны збяруць чарговую нараду, дзе зноў будуць разбірацца, чаму ж у Беларусі ўсе паказчыкі ў сельскай гаспадарцы, перадусім ураджайнасць, горшыя, чым у суседняй Літве і тым болей у Польшчы — дзе прыкладна тая ж зямля і надвор’е.
А адказ відавочны — дзяржаўна-калгасная сістэма. Лукашэнка ў свой час захаваў сістэму дзяржаўных прадпрыемстваў выключна з палітычных прычын. Бо калгас — гэта сістэма кантролю. Старшыня гаспадаркі залежыць ад раённай і абласной улады, работнік — ад гаспадаркі, а сама гаспадарка — ад дзяржаўных субсідый, замоваў, цэн і паставак. Таму Лукашэнка падтрымлівае не проста сельскагаспадарчую вытворчасць, а сацыяльную сістэму, у якой чалавек моцна прывязаны да дзяржавы.
У беларускай вёсцы сельгаспрадпрыемства гістарычна выконвала значна больш функцый, чым проста вытворчасць прадуктаў. Яно было звязана з працай, сацыяльнай інфраструктурай, паслугамі, жыллём, транспартам і дзіцячымі ўстановамі. То-бок гэта яшчэ і сацыяльная структура, такі сабе «сабес».
Прыватны бізнес арыентуецца на прыбытак. Дзяржаўная гаспадарка атрымлівае заданне: пасеяць столькі, надоіць столькі, здаць дзяржаве столькі.
Для аўтарытарнай дзяржавы гэта вельмі зручна: сельская гаспадарка становіцца кіраванай часткай дзяржаўнага механізму, а не рынкам з тысячамі незалежных гульцоў.
Але ёсць адзін мінус... Не тэрэбіцца лён-даўгунец.

І ведаеце што? Мне здаецца, Лукашэнка сам усё больш гэта разумее. Усё больш пераконваецца, што захаваны ім калгасны лад перастае вытрымліваць выпрабаванне эфектыўнасцю. Зразумела, што публічна ён не хоча гэтага прызнаваць, і мы назіраем класічную схему перакладання адказнасці. Вінаваціць каго заўгодна, толькі не сябе.
Тага дня пасля запушчанага калгаса Лукашэнка прыехаў да фермера Уладзіміра Маліноўскага, які спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Замцаваўшы тым самым практыку апошніх месяцаў — наведванне прыватных гаспадарак. І тут ужо Лукашэнка падобрэў, настрой у яго відавочна палепшыўся.
А потым ведаеце, што ён заявіў? «Вось такіх людзей няшмат, на жаль. Калі б нам 5 тысяч Маліноўскіх, то і праблем не было б у сельскай гаспадарцы. Калі ласка, бяры гаспадарку, будзем дапамагаць».
Паглядзіце, які кантраст. Там, на полі дзяржаўнага прадпрыемства, — гніе лён, развал і бязладдзе. А тут, у прыватніка, усё добра, прыгожа, і ўраджайнасць бульбы вышэйшая.
Аднак па-ранейшаму ў структуры вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў Беларусі асноўная доля прыпадае на буйныя дзяржаўныя і кааператыўныя прадпрыемствы, былыя калгасы і саўгасы: яны забяспечваюць каля 76–80% ад агульнага аб’ёму вытворчасці.

27 жніўня Лукашэнка абмяркоўваў перадачу дзяржаўных сельгасактываў у кіраванне прыватным кампаніям, спачатку на прыкладзе Віцебскай вобласці, але з магчымым пашырэннем на ўсю краіну. А 3 верасня гэта ўжо было апісана як прапанова перадаваць і прадаваць стратныя сельгаспрадпрыемствы больш паспяховым, у тым ліку прыватным, кампаніям.
Уявіце іронію сітуацыі: Лукашэнка тры дзесяцігоддзі абараняў калгас як прынцып, а цяпер вымушаны ратаваць асобныя калгасы ад банкруцтва з дапамогай таго самага прыватнага бізнесу, якому раней не хацеў аддаваць вёскі.
І, з аднаго боку, ён па-ранейшаму трымаецца за калгасы, буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, не хоча ад іх адмаўляцца, бо гэта кантроль над вяскоўцамі. Але з другога — ён ужо разумее, што там усё настолькі кепска, што нават у самага галоўнага прыхільніка калгаснага ладу ўзнікае ідэя аддаць гэтыя калгасы фермерам і прадпрымальнікам.
Віталь Цыганкоў, «Белсат»