У ЕС заявілі, што ў жыхароў Расіі ёсць магчымасць зрынуць Пуціна
5- 24.09.2026, 8:59
- 1,692
І скончыць вайну.
Прадстаўніца Еўрапейскай камісіі Арыяна Подэста заявіла, што грамадзяне Расіі могуць зрынуць рэжым Уладзіміра Пуціна, каб спыніць вайну супраць Украіны і змяніць сітуацыю ўнутры краіны. «Ад саміх грамадзянаў Расіі залежыць, ці будзе ў іх урад, які падтрымлівае гэтую вайну, ці не. Таму, калі расійскія грамадзяне адчуваюць на сабе наступствы гэтай вайны, у іх ёсць магчымасць унутры краіны прадпрыняць дзеянні супраць яе», — сказала Подэста.
Яна такім чынам адказала на пытанне «Вот Так» пра каментар Юліі Навальнай, якая раскрытыкавала рашэнне ЕС зняць санкцыі з расійскіх алігархаў Алішэра Усманава і Міхаіла Фрыдмана і паралельна звярнула ўвагу на праблемы з легалізацыяй у ЕС у расіян, якія выступаюць супраць вайны.
Напярэдадні краіны ЕС выключылі Усманава і Фрыдмана з санкцыйнага спісу, адначасова падоўжыўшы на тры гады абмежаванні супраць амаль 3000 звязаных з Расіяй фізічных і юрыдычных асоб. Паводле Reuters, рашэнне стала вынікам ціску Францыі і Люксембурга.
Як, у сваю чаргу, высветліў Bloomberg, Уладзімір Пуцін у апошнія гады неаднаразова казаў алігархам, што персанальныя санкцыі супраць іх яго не датычацца, і ім варта самастойна шукаць выхад з сітуацыі. Паводле суразмоўцаў Bloomberg, Усманаву ў выніку дапамаглі ягоныя адносіны з лідарамі краін Каўказа і Цэнтральнай Азіі, а зняцце абмежаванняў з Фрыдмана стала нечаканасцю нават для яго самога.
23 верасня прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў памілаваў грамадзяніна Францыі Марціна Райана, асуджанага ў Азербайджане да 10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў шпіянажы. Рашэнне было прынята на наступны дзень пасля выключэння Усманава з санкцыйнага спісу ЕС. Паводле Euronews, вызваленне Райана магло быць часткай дамоўленасці паміж Парыжам і Баку, звязанай са зняццем санкцый з Усманава. Французскія ўлады, аднак, такую дамоўленасць адмаўляюць.
Люксембург жа патрабаваў зняцця санкцый з Фрыдмана. Раней мільярдэр падаў супраць краіны пазоў у арбітраж на $15,8 млрд, а Люксембург сцвярджаў, што яго пазіцыя ў гэтым разглядзе стане больш уразлівай, калі ЕС выключыць са спісу толькі Усманава.