«Прывязаць, як кандаламі»
1- 24.09.2026, 10:06
- 1,470
Што не так з арэндным жыллём у Беларусі?
«Як мне паведамляюць, расце колькасць пустуючых арэндных кватэр. Дзіўна, ці не так? Цяпер у пераліку не запатрабаваных больш за 17 000 жылых памяшканняў. Мы пабудавалі жыллё, і яно нікому не патрэбна? Многія кватэры прастойваюць больш за год. А дзе гаспадарскі падыход? Трацім грошы на ўтрыманне, а тым часам людзі стаяць у чарзе», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 верасня на нарадзе, прысвечанай будаўніцтву жылля, піша «Белсат».
Кіраўнік пры гэтым абурыўся, што нерухомасць з'яўляецца не там, дзе яна сапраўды патрэбная, а дзеля выканання паказнікаў:
«Катастрофа, ці не так? Пры гэтым рэгіёны часам скардзяцца, што няма не толькі патрэбы ў будаўніцтве, але і крыніц фінансавання. Выходзіць, Гродзенскай або Магілёўскай вобласці жыллё не трэба, а нехта ім навязвае будаўніцтва гэтага жылля. Людзям абяцалі будаваць кватэры ў прывязцы да працоўных месцаў. У гэтым, напэўна, сутнасць арэнднага жылля».
Што праўда, чыноўнікі запэўнілі, што ў асноўным пустуе нерухомасць, якую аднеслі да арэнднага жылля ў 2016 годзе, – раней яна была ведамаснай, службовай або не прыватызаванай грамадзянамі. Больш за ўсё такога не запатрабаванага жылля – у вясковай мясцовасці. Амаль 6000 памяшканняў плануюць знесці. Астатняе – уцягнуць у абарот: або прадаваць за адну базавую велічыню, або прапаноўваць навасёлам рамантаваць жыллё ў залік арэнды.
Гэты памер прывязаны да базавай стаўкі і істотна ніжэйшы за рынкавы. На суму ўплываюць некалькі фактараў і, напрыклад, у Мінску яна можа адрознівацца ў залежнасці ад раёна. У сацсетках ёсць сведчанні, што за двухпакаёвую кватэру ў сталіцы плацяць 612 рублёў, у той жа час сярэдні рынкавы кошт – $685 (ці Br 2065 паводле сённяшняга курсу).
І ўлады запланавалі павышэнне арэнднай платы, хоць Лукашэнка і паскардзіўся на пратэрмінаваную запазычанасць «народца» па арэндзе і камунальных паслугах у памеры Br 20 млн: «Капейкі каштуе, і гэта заплаціць не могуць».
Як заявіў віцэ-прэм'ер Аляксандр Церахоў, падаражанне звязана з тым, што арэнднае жыллё вырашылі здаваць з тэхнікай: халадзільнікам, пральнай машынай, мікрахвалёўкай, а таксама мінімальным наборам мэблі.

У цэлым, як вынікае з гэтай нарады, дзяржава разглядае будаўніцтва арэндных дамоў як рашэнне жыллёвай праблемы. Пераважна плануюць «акучваць» невялікія паселішчы і такім чынам прыцягваць у рэгіёны работнікаў, у тым ліку маладых спецыялістаў. Пры гэтым улады патрабуюць і ад прадпрыемстваў будаваць больш кватэр для сваіх работнікаў. Плануецца, што пасля шматгадовай працы на адным месцы работнік-арэндар зможа выкупіць такое жыллё.
«Здзелка з д'яблам»
Блогер, прадпрымальнік, вядучы праграмы «АтмаSфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч раскрытыкаваў ідэю прывязвання работнікаў да арэндных кватэр:
«Гэта здзелка з д'яблам, продаж душы за кватэру. Гэта няправільна. Правільна — даваць людзям танную іпатэку і плаціць нармальныя грошы на нармальных працоўных месцах, каб яны былі самастойныя ў выбары месца жыхарства і месца працы».
Эксперт звяртае ўвагу, што па арэнднае жыллё даводзіцца ехаць у глуш і на меншыя заробкі:
«У нас статыстыка: едзеш на 100 км ад Мінска — і ў цябе на 40% падае зарплата ў той жа прафесіі і з тым жа досведам».
У каментары «Белсату» Кныровіч таксама назваў «эканамічным невуцтвам» заяву віцэ-прэм'ера Церахова пра тое, што ледзь не кожнае прадпрыемства пацягне «сацыялістычнае абавязацельства»: маўляў, дастаткова мінімальнага прыбытку, каб знайсці грошы на будаўніцтва жылля для работнікаў, яшчэ можна ўзяць крэдыт.
«Захапляюся эканамічнымі ведамі віцэ-прэм'ера. Як ён лічыць, на якую колькасць людзей? Вось вы прыйшлі, вам далі кватэру на гэтым месцы працы, а мне не далі, бо на мяне грошай ужо не хапіла. Дык як гэта вырашыць? Калі казаць сур'ёзна, віцэ-прэм'ер дэманструе ўласнае эканамічнае невуцтва», — заявіў бізнесмен.
«Убогая ідэя»
Паводле слоў Кныровіча, у імкненні дзяржавы вырашыць «кватэрнае пытанне» арэнднага жыллём няма ніякай заботы пра беларусаў:
«Лукашэнка падумаў: з якога дзіву я буду аддаваць грошы проста так на будаўніцтва жылля або дзяржаўную падтрымку, калі я магу за кошт тых жа грошай пабудаваць арэнднае жыллё і прывязаць людзей да працоўных месцаў? То-бок ён вырашыў закрыць адразу дзве праблемы, якія сам і стварыў. Гэта не будзе працаваць, таму што ў нас дэфіцытны бюджэт, там не хапае дадатковых грошай, а гэтая ідэя прадугледжвае выманне аднекуль дадатковых грошай».
Эксперт падсумаваў, што ўлады павінны не гуляцца ў ільготныя крэдыты і кватэры з дзяржпадтрымкай, а дамагацца інфляцыі ў 2–3%, пры якой іпатэка будзе пад 5%, а не 15%, як цяпер. Тады амаль кожны зможа купіць кватэру там, дзе захоча, а не там, дзе жыллё пабудуе прадпрыемства, якое будзе плаціць нярыначную зарплату.
«Ілюзія, што стратны “Атлант”, стратны МАЗ, стратны БМЗ, стратныя прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, Шклоўскі завод газетнай паперы будуць будаваць, вымаць грошы з прыбытку, замарожваць іх на дзесяцігоддзі, каб даць людзям кватэру, — гэтая ўбогая ідэя магла нарадзіцца толькі ў галаве крайняга непісьменнага чалавека, які не разумее, як працуе эканоміка», — сказаў Кныровіч.
«Праблема на рынку жылля істотна шырэйшая»
Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі у эфіры «Белсата» назваў арэнднае жыллё для работнікаў «дрэннымі практыкамі»:
«Гэта, можа, і гучыць нядрэнна, аднак усё гэта насамрэч дрэнныя практыкі такога прывязвання работнікаў да прадпрыемстваў, быццам кандаламі. Такія дзяржаўныя дамы — гэта вельмі нязначная доля рынку. Хутчэй за ўсё, большасць жыхароў Гомеля ці Мінска такіх дамоў і не бачылі. Яны будуюцца найчасцей побач з прадпрыемствам, а прадпрыемства звычайна ў нейкім манагорадзе, далёка ад іншых цэнтраў жыцця беларусаў».
Аналітык звярнуў увагу, што арэнднае жыллё — «толькі малая частка праблем» на рынку нерухомасці. Ён нават заўважыў «прыкметы фінансава-эканамічнай бурбалкі», бо людзі купляюць кватэры не для таго, каб там жыць, а каб захаваць грошы. Інвеставаць у Беларусі амаль няма куды.
Як хутка такая бурбалка можа лопнуць, эксперт прагназаваць не ўзяўся, сказаўшы, што гэта «няўдзячная справа».
«Бурбалка можа існаваць гадамі: 2 гады, 5 гадоў, 10. Як я ацэньваю існы рынак жылля ў Беларусі — так, у нас бурбалка, якая раздуваецца. Аднак гэта не азначае, што яна мусіць лопнуць заўтра або паслязаўтра», — адзначыў Львоўскі.
Праблема ўзнікла з-за нясуразмернага росту эканомікі і заробкаў: калі ВУП за апошнія тры гады павялічыўся менш чым на 10%, дык даходы беларусаў — на 40%. Вось людзі і зберагаюць грошы, інвестуючы ў квадратныя метры, а між іншым — пераграваюць эканоміку.
«Першае, што варта рабіць, — выправіць існыя перакосы: праблемы з дэмаграфіяй, з рынкам працы. А другое, што варта рабіць, каб знізіць кошты, — трэба больш будаваць. Ніякіх чароўных рэцэптаў», — канстатаваў Львоўскі.