Зяленскі назваў тры пункты, на якіх настойваюць ЗША ў мірных перамовах
1- 24.09.2026, 14:51
- 2,826
Кіеў адкрыты да прапаноў.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа настойвае на трох неадкладных кроках у межах намаганняў па дэскалацыі вайны Расіі супраць Украіны і аднаўленні дыпламатычных адносінаў з Масквой.
Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў у інтэрв’ю Axios.
Паводле слоў Зяленскага, гаворка ідзе пра:
спыненне агню па энергетычнай інфраструктуры;
аднаўленне функцыянавання «зернавага калідора» ў Чорным моры;
трохбаковая сустрэча ЗША—Украіна—Расія, меркавана ў Абу-Дабі.
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што прапанова аб сумесным спыненні удараў па энергетычнай інфраструктуры паступіла ад ЗША, і Украіна гатовая на гэта пагадзіцца.
«Прапанова цяпер у парадку дня: энергетычнае перамір’е. Мы гатовыя», — адзначыў Зяленскі.
Ён таксама дадаў, што ЗША імкнуцца зноў адкрыць «зернавы калідор» і правесці трохбаковую сустрэчу.
ЗША вылучылі ідэю спачатку правесці сустрэчу тэхнічных груп, а не сустрэчу на ўзроўні лідараў. Як магчымае месца правядзення яны прапанавалі Абу-Дабі.
«Мы адкрытыя да прапаноў — любая краіна, любы фармат», — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.