24 верасня 2026, Чацвер, 23:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расіянам рэкордна за 18 гадоў павысяць тарыфы на электраэнергію

Расіянам рэкордна за 18 гадоў павысяць тарыфы на электраэнергію

Каб аплаціць абарону ад БПЛА.

Урад Расіі запланаваў наймацнейшае амаль за два дзесяцігоддзі павышэнне тарыфаў на электраэнергію для насельніцтва пасля закліку генеруючых кампаній уключыць у цэны выдаткі на абарону магутнасцяў ад беспілотнікаў, перадае The Moscow Times.

Як вынікае з апублікаванага ў чацвер трохгадовага макрапрагнозу Мінэканомразвіцця, у 2027 годзе энергатарыфы для грамадзян будуць праіндэксаваныя на 14,4% — максімальны паказчык з 2009 года, калі яны павялічыліся адразу на 25% у выніку рэформы з адменай крыжовага субсідавання.

У 2028 годзе запланавана дадатковая індэксацыя на 12,1%, а ў 2029‑м — яшчэ на 10,1%. У суме за тры гады тарыфы на электраэнергію вырастуць на 41,1% — амаль у два разы больш, чым было закладзена ў папярэднім майскім прагнозе (8,6% у 2027 годзе, 9,1% у 2028 годзе, 5% у 2029 годзе).

Сукупны плацёж за ЖКГ, згодна з прагнозам МЭР, павялічыцца ў наступным годзе на 11% замест першапачаткова закладзеных 8,7%. На 2028 год запланавана індэксацыя на 8,6% (замест 7,1%), на 2029‑й — на 7,6% (замест 6,1%), разам за тры гады — на 40,9%.

Газ для расіян за 2027–29 гг. падаражэе ў суме на 26,8%. Індэксацыя ў наступным годзе складзе 10,4%, у 2028‑м — 7,4%, у 2029‑м — 7%. Акрамя таго, на 27,2% за тры гады павысяцца тарыфы на ацяпленне, на 25,4% — на водазабеспячэнне, на 24% — на вадаадвядзенне.

З прапановай закласці ў тарыфы на электраэнергію выдаткі на абарону ад БПЛА у верасні выступіў Савет вытворцаў энергіі — найбуйнейшая асацыяцыя галіны, якая аб’ядноўвае генеруючыя кампаніі, што забяспечваюць 90% усёй усталяванай магутнасці ў краіне. У арганізацыі заяўлялі пра неабходнасць зафіксаваць сродкі «для павышэння бяспекі і аднаўлення ў сектары» і ўлічыць гэтыя выдаткі ў надбаўцы на магутнасць.

З пачатку вайны тарыфы на электраэнергію для расіян ужо павялічыліся на 39,2%. У 2022 годзе іх павышалі двойчы (на 4% і 9%), у 2024 годзе — на 9,1%, летась — на 12,6%. На бягучы год урад запланаваў індэксацыю яшчэ на 11,3% з 1 кастрычніка. Да канца дзесяцігоддзя, з улікам запланаванага МЭР павышэння, назапашаная індэксацыя павінна скласці 118,6%.

Сукупныя тарыфы ЖКГ выраслі на 41,1% з пачатку вайны, з 1 кастрычніка павялічацца яшчэ на 9,9%, а да канца дзесяцігоддзя іх індэксацыя таксама дасягне 118,6%.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲