25 верасня 2026, Пятніца, 13:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы адкрылі новы свет, падобны да Зямлі

1
Навукоўцы адкрылі новы свет, падобны да Зямлі

Такой была наша планета раней.

Навукоўцы надаюць асаблівую ўвагу камяністым планетам зямнога тыпу, якія маюць атмасферу, бо там можа існаваць пазаземнае жыццё. Аднак большасць вядомых камяністых планет не мае атмасферы. Астраномы адкрылі новы свет класа суперзямлі, які атрымаў назву HD 3167 b і мае атмасферу, што дзіўна з улікам размяшчэння планеты.

Гэты свет паказвае, якой была Зямля праз некалькі мільёнаў гадоў пасля свайго фарміравання. Даследаванне апублікавана ў часопісе The Astrophysical Journal Letters, піша Phys.

Планета HD 3167 b знаходзіцца на адлегласці 154 святловых гадоў ад нас, і размешчана так блізка да сваёй зоркі, што поўны абарот вакол яе здзяйсняе ўсяго за 1 зямны дзень. То бок год там доўжыцца ўсяго 24 зямныя гадзіны. Улічваючы гэты факт, навукоўцаў здзівіла, што планета мае атмасферу. Лічыцца, што магутны зорны вецер на такой адлегласці павінен быў знішчыць атмасферу.

Дадзеная планета з'яўляецца лавовым светам, гэта значыць яе паверхня пакрытая раскалёнай лавай, але склад атмасферы пакуль вызначыць не ўдалося. Гэта толькі пяты вядомы лавовы свет, які мае атмасферу. У іншых падобных планет яна складаецца з вуглякіслага газу, вугарнага газу і вадзяной пары, а таксама іншых злучэнняў.

Спалучэнне вельмі высокай тэмпературы з наяўнасцю лавы на паверхні і паветра, непрыдатнага для дыхання, сведчыць пра тое, што на планеце HD 3167 b не можа быць пазаземнага жыцця. У той жа час, як паказала даследаванне, гэты свет з'яўляецца самым халодным сярод лавовых планет, якія маюць атмасферу.

Навукоўцы мяркуюць, што HD 3167 b мае сілікатны склад, які ўключае сумесь мінералаў, падобных да тых, з якіх складаецца мантыя Зямлі. Нягледзячы на тое, што гэтая планета цалкам непрыдатная для жыцця, яна ўяўляе вялікую цікавасць для навукоўцаў, бо лічыцца, што на світанку свайго існавання Зямля магла быць вельмі падобнай да такога свету.

Каля 4,5 мільярда гадоў таму Зямля таксама была пакрытая акіянам з гарачай лавы, які з цягам часу зацвярдзеў. Гэта даследаванне адкрывае магчымасць вывучыць умовы, што існавалі на Зямлі ў першыя мільёны гадоў яе гісторыі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲