Трамп заклікаў Зяленскага дамовіцца з Пуціным аб завяршэнні вайны да пачатку зімы
8- 27.09.2026, 10:50
- 1,132
Кіраўнік Белага дома запэўніў, што бакі «гатовыя да перамоў».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў украінскага лідара Уладзіміра Зяленскага пачаць перамовы з Уладзімірам Пуціным і завяршыць вайну да пачатку зімы. «Ведаеце, чаго я ад яго (прэзідэнта Украіны. — рэд.) хачу? Каб ён заключыў пагадненне. Я хачу, каб ён дамовіўся з Пуціным, а Пуцін дамовіўся з ім», — сказаў Трамп у размове з журналістамі. Паводле яго слоў, у вайне Расіі з Украінай штомесяц гіне некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. «У асноўным гэта ваенныя, 97% — ваенныя. Але незалежна ад таго, ваенныя ці мірныя жыхары, толькі падумайце: два месяцы таму — 32 тыс., у мінулым месяцы — 33 тыс., у гэтым — 25 тыс. чалавек», — адзначыў Трамп.
Кіраўнік Белага дома запэўніў, што Зяленскі і Пуцін гатовыя да перамоў. «Калі-небудзь, спадзяюся, у недалёкай будучыні, спадзяюся, яшчэ да наступу суровай зімы, яны заключаць пагадненне», — сказаў Трамп. Да гэтага прэзідэнт ЗША правёў сустрэчу з украінскім лідарам на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Паводле дасведчаных крыніц Bloomberg, ён прапанаваў Зяленскаму паехаць у Маскву для сустрэчы з Пуціным. Зяленскі адказаў на гэтую прапанову адмовай. Суразмоўцы агенцтва дадалі, што украінскага лідара засмуціла тое, што Трамп заклікаў яго ехаць у расійскую сталіцу. Пры гэтым у офісе прэзідэнта Украіны абверглі, што кіраўнік Белага дома рабіў такую прапанову.
У Крамлі раней неаднаразова заяўлялі, што сустрэча Пуціна і Зяленскага магчымая толькі ў Маскве. «Наша пазіцыя добра вядомая. Пуцін сказаў, што Зяленскі, калі хоча, можа прыехаць у Маскву. Неабходныя гарантыі бяспекі будуць яму забяспечаныя», — заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Сам Пуцін у чэрвені гэтага года паведаміў, што Зяленскі праз аднаго расійскага бізнесмена прасіў яго пра асабістую сустрэчу. Пуцін падкрэсліў, што не адмаўляецца ад перамоў, але не хоча «перакладаць з пустога ў парожняе».
У той жа час на палях Генасамблеі ААН карэспандэнт ВГТРК Валянцін Багданаў паспрабаваў спытаць Зяленскага, калі той наведаe Маскву. Прэзідэнт Украіны спачатку ігнараваў яго, але потым адказаў: «На ракеце».