Расіяне ўдарылі КАБамі па шматпавярхоўцы ў Харкаве
- 28.09.2026, 7:39
- 1,088
Сярод пацярпелых шмат дзяцей.
Раніцай расіяне нанеслі ўдары КАБамі па ўкраінскім Харкаве, трапіўшы ў шматпавярховы дом. Ужо вядома пра больш за 20 пацярпелых, сярод іх шмат дзяцей, піша unian.net.
Як паведаміў мэр Харкава Ігар Церахаў, каля 4-й гадзіны раніцы расіяне нанеслі ўдары па двух раёнах горада — Кіеўскім і Салтаўскім. У Салтаўскім раёне КАБ трапіў у шматкватэрны дом.
Церахаў паведаміў, што варожы ўдар прыпаў на другі паверх шматкватэрнага жылога дома. Зафіксавана разбурэнне другога і трэцяга паверхаў. Колькасць пацярпелых хутка расце — спачатку было вядома пра 9 параненых, а ўжо праз гадзіну іх колькасць узрасла да двух дзясяткаў.
На 7:30 раніцы паводле мінскага часу вядома пра 22 пацярпелых, сярод іх 8 дзяцей.
Як паведаміў кіраўнік Харкаўскай АДА Алег Сінегубаў, 12-гадовы і 8-гадовы хлопчыкі шпіталізаваныя.
3-гадовая дзяўчынка, 9-гадовы хлопчык, 7-гадовая дзяўчынка, 10-гадовы хлопчык, 15-гадовая дзяўчына і 10-гадовы хлопчык атрымалі медыцынскую дапамогу на месцы.
Ён таксама паказаў фота пашкоджанага дома — на здымках відаць, што ў кватэрах разбураныя сцены, выбітыя вокны.








