Паміж Казахстанам і Расіяй разгараецца скандал
1- 29.09.2026, 11:10
- 2,676
Астана накіравала Маскве ноту.
Казахстан патрабуе ад Расіі вярнуць сваіх грамадзян, якія апынуліся ў шэрагах расійскай арміі. Сярод іх — Мірас Тасжарганаў, які прыехаў у РФ на заробкі, але ў выніку апынуўся ў войску краіны, якая вядзе вайну супраць Украіны. Пра гэта паведаміла Міністэрства замежных спраў Казахстана ў адказ на запыт «Радыё Азаттык».
Паводле дадзеных Міністэрства замежных спраў Казахстана, 17 верасня кансульскі аддзел пасольства звязаўся з маці Тасжарганава Гульжан і з самім Мірасам. Мужчына паведаміў дыпламатам, што апынуўся ў складанай сітуацыі, а разам з ім знаходзяцца яшчэ некалькі грамадзян Казахстана. Ён папрасіў дапамагчы ім вярнуцца дадому.
На наступны дзень, 18 верасня, пасольства Казахстана накіравала ў Міністэрства замежных спраў Расіі афіцыйную ноту з просьбай садзейнічаць вяртанню згаданых грамадзян у Казахстан.
Раней маці Тасжарганава распавядала, што яе сын паехаў у Расію на вахтавую працу, але пасля апынуўся ў складзе расійскіх войскаў. Паводле яе слоў, яго прымусілі падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны РФ. Жанчына звярталася да ўладаў Казахстана з просьбай дапамагчы вярнуць сына дадому.
Дакладная колькасць грамадзян Казахстана, якія цяпер ваююць на баку Расіі супраць Украіны, афіцыйна не ўстаноўлена. Пры гэтым украінскі дзяржаўны праект «Хачу жыць» раней паведамляў, што не менш як 2389 грамадзян Казахстана заключылі кантракты з Міністэрствам абароны Расіі. У цэлым, паводле дадзеных праекта, у расійскай арміі маглі апынуцца больш за 12 тысяч грамадзян краін Цэнтральнай Азіі.
У Казахстане за ўдзел у ўзброеных канфліктах за мяжой і найміцтва прадугледжана крымінальная адказнасць. Пры гэтым у дадзенай сітуацыі ўлады Казахстана дамагаюцца вяртання сваіх грамадзян дыпламатычнымі каналамі.