Расійскі «Руслан», які перавозіў ракеты для «Іскандэраў», лятаў у Калінінград
- 4.09.2026, 9:15
- 1,134
У 2022 годзе борт выкарыстоўваўся для дастаўкі ракет у Беларусь на аэрадром Мачулішчы.
Расійскі ваенна-транспартны самалёт Ан-124-100 «Руслан» RA-82040 здзейсніў рэйс у Калінінградскую вобласць. Ягоны маршрут зафіксаваў маніторынгавы сэрвіс AirNav Radar.
1 верасня 2026 года самалёт спачатку заўважылі паблізу Нарвы, недалёка ад мяжы з Эстоніяй. Апошнюю даступную пазіцыю самалёта зафіксавалі каля Ліепаі ў Латвіі, пасля чаго ён спыніў перадачу звестак пра сваё месцазнаходжанне, даступных грамадзянскім сістэмам.
Ужо 3 верасня RA-82040 здзейсніў зваротны пералёт. Маніторынгавыя сістэмы ўпершыню зафіксавалі яго паблізу Мядовага ў Калінінградскай вобласці. Адтуль «Руслан» накіраваўся ў бок Санкт-Пецярбурга, пасля чаго перадача звестак спынілася пры ўваходзе самалёта ў паветраную прастору Расіі.
Самалёт ужо выкарыстоўваўся для ваенных перавозак
RA-82040 мае гісторыю выканання ваенна-транспартных задач. У сакавіку 2022 года паведамлялася, што Расія выкарыстоўвала Ан-124 для дастаўкі ракет для аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр» з тэрыторыі РФ на беларускі аэрадром Мачулішчы.
Сярод самалётаў, якія тады выконвалі такія перавозкі, быў і RA-82040. Разам з ім для транспартавання ракет выкарыстоўваліся самалёты RA-82014 і RA-82038.
Цяпер самалёт знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. 19 мая 2023 года яго ўнеслі ў санкцыйны спіс SDN Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі ЗША паводле праграмы RUSSIA-EO14024. У санкцыйным запісе RA-82040 непасрэдна звязаны з расійскім 224-м лётным атрадам.
Гэты ж «Руслан» трапляў у поле зроку назіральнікаў і ў верасні 2025 года. Пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на Маскву 23 верасня расійскія Telegram-каналы распаўсюдзілі відэа вялікага транспартнага самалёта, які ляцеў над горадам на надзвычай нізкай вышыні.
Рэсурс «Агенцтва» ўстанавіў, што на відэа быў менавіта Ан-124-100 RA-82040. Тым вечарам самалёт вылецеў з Внукава і падняўся прыблізна да 4200 метраў.