Расійскі дрон ударыў па аэрапорце Кіева
- 4.09.2026, 12:16
- 1,150
Паводле папярэдніх звестак, у «Жулянах» уражаны самалёт.
У пятніцу, 4 верасня, армія краіны-агрэсара Расіі, верагодна, нанесла ўдар па самалёце ў аэрапорце Жуляны, піша Kyiv Post.
Там адзначылі, што пасля выбуху над Кіевам заўважылі слуп дыму.
Паводле папярэдняй інфармацыі, расійскі беспілотнік мог уразіць самалёт у аэрапорце Жуляны, аднак афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі на дадзены момант няма.
Тым часам мэр горада Віталій Клічко паведаміў, што ў Саламянскім раёне Кіева адбылося ўзгаранне на тэрыторыі нежылой забудовы. Экстранныя службы ўжо накіроўваюцца на месца здарэння, дадаў ён.
3 верасня паведамлялася, што ў Галасееўскім раёне Кіева расійскі беспілотнік трапіў у дзевяціпавярховы жылы дом, пашкодзіў некалькі паверхаў і выклікаў пажар. З дома эвакуявалі 25 чалавек. Акрамя таго, у Кіеве абломкі БПЛА ўпалі ў трох раёнах, сярод шасці пацярпелых — 12-гадовая дзяўчынка.
Працягваюцца дзявятыя суткі бесперапынных расійскіх атак на сталіцу з ужываннем рэактыўных «шахедаў». 3 верасня ў Кіеве сем разоў абвяшчалася паветраная трывога. У Кіеўскай вобласці паведамляецца пра новыя пашкоджанні складаў.