Навукоўцы атрымалі Шнобелеўскую прэмію за пацалункі і малако тараканаў
1- 4.09.2026, 13:07
У Цюрыху ўзнагародзілі самыя дзіўныя даследаванні года.
Сталі вядомыя лаўрэаты Шнобелеўскай прэміі 2026 года. У Цюрыху зноў адзначылі шалёныя і незвычайныя даследаванні ў 10 катэгорыях.
Аднак, як гаворыцца ў самым апісанні прэміі, гэтыя працы спачатку прымушаюць людзей смяяцца, а потым — задумацца. Таму працы гэтыя відавочна не дарэмныя.
Што такое пацалунак і як смаркацца
Прэмію па біямеханіцы атрымалі навукоўцы з ЗША і Вялікабрытаніі, якія распрацавалі максімальна дакладнае вызначэнне пацалунку.
Дык вось, пацалунак — гэта неантаганістычныя ўзаемадзеянні, якія ўключаюць накіраваны, унутрывідавы, аральны кантакт з пэўным рухам вуснаў/ротавых частак і без перадачы ежы.
Група даследчыкаў з Індыі, Францыі, Японіі і ЗША высветліла, што малочныя бялкі жыванарадных тараканаў утрымліваюць утройчы больш энергіі, чым малочныя бялкі кароў. І атрымала за гэта ўзнагароду па хіміі.
Японца Такудзі Унно узнагародзілі пасмяротна за даследаванне 1977 года. Яго працу «Як смаркацца — аэрадынамічнае даследаванне працэсу смаркання» выбралі найлепшай у сферы медыцыны.
Навукоўцы з Бразіліі і Аўстраліі сталі лаўрэатамі прэміі па біялогіі. Яны шмат разоў і ў розных умовах наступалі на ядавітых змеяў, каб дакладна высветліць, якія дзеянні падштурхоўваюць іх да нападу.
Была і арыгінальная катэгорыя — за абанянне. Тут група навукоўцаў высветліла, што немаўляты прыемна пахнуць для сваіх бацькоў, а вось падлеткі — не.
Багатыя крадуць цукеркі, а сябры ненавідзяць нашых ворагаў
Ёсць і Шнобелеўская прэмія міру. Яе далі за даследаванне на тэму сяброў. Было даказана, што людзі цэняць сяброў, якія варожа ставяцца да тых, хто нам не даспадобы.
Па эканоміцы лаўрэатамі сталі навукоўцы з ЗША і Мексікі. Яны высветлілі, што прадстаўнікі вышэйшага класа часцей крадуць цукеркі з дзіцячых запасаў і здзяйсняюць іншыя формы неэтычнай паводзінаў.
Па фізіцы прэмію атрымалі за тэарэтычныя і эксперыментальныя спробы стварэння пісуара, які прадухіляе распырскванне.
Навукоўцы Франц Бендэр, Марсэл ван дэр Хэйдэн, Атлант Біеры і Пія Вівіані закапалі 1000 аднолькавых пар ніжняй бялізны ў 25 краінах свету і выкопалі іх праз 2 месяцы. Так яны хацелі ацаніць стан глебы. За што і атрымалі прэмію па глебазнаўстве.
У галіне тэхналогій здзівілі даследчыкі з Кітая, Канады, ЗША і Егіпта. Яны выкарысталі хабаткі камароў у якасці высокадакладных соплаў для 3D-друку.
Шнобелеўскую прэмію ўручаюць з 1991 года, і за больш чым 30 гадоў яна паспела стаць не проста пародыяй, а сапраўднай падзеяй, якая, між іншым, папулярызуе і «сур'ёзную» навуку.