4 верасня 2026, Пятніца, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Буду за пані маліцца»

«Буду за пані маліцца»
Ілюстрацыйнае фота: Getty Images

Беларуска стала валанцёркай для пажылой полькі — і здала экзамен па польскай мове на B2

Анастасіі 38 гадоў. А пані Божэне — 81. Да лістапада мінулага года яны былі незнаёмыя, а ўжо на Божае Нараджэнне разам пяклі пернікі. Усё пачалося з таго, што беларуска вырашыла стаць валанцёркай для пажылой полькі. Яна распавяла MOST, навошта ёй гэта і як зносіны з адной польскай пані дазволілі дасягнуць трох пастаўленых мэтаў.

У Беларусі Анастасія вяла прыватную юрыдычную практыку. Яна з'ехала ў Польшчу ў 2023 годзе — найперш таму, што там ужо апынулася большасць яе сяброў.

— Я ўвогуле не ведала польскай і не ведала, чым буду займацца, бо шлях юрыста ў Польшчы трошкі іншы. Я не хацела сябе звязваць з польскай юрыспрудэнцыяй, — распавядае Анастасія.

У Варшаве яна пачала вучыць польскую мову, скончыла курсы тэхніка ветэрынарыі. Паралельна хацелася вярнуцца да валанцёрства. У Беларусі ў Анастасіі была ўласная зоаабарончая арганізацыя, яна шмат працавала з жывёламі і абаронай іх правоў. Але, кажа, паспела выгарыць, таму ў Польшчы гэтую сферу не разглядала.

Тры прычыны стаць валанцёркай

Аднойчы ў Instagram Анастасіі трапілася рэклама валанцёрскай праграмы. Яна перайшла на сайт, дзе можна было выбраць напрамак, раён пражывання і паглядзець даступныя варыянты — ад экалагічных ініцыятыў да дапамогі пажылым людзям. Сайт працуе як агрэгатар, а заяўку будучы валанцёр дасылае ў мясцовы цэнтр сацыяльнай дапамогі, які непасрэдна арганізуе валанцёрства.

— Я ніколі не працавала з пажылымі людзьмі, гэта наогул не была сфера маіх інтарэсаў. Але тут нібыта ўсё сышлося, і я вырашыла паспрабаваць, — прызнаецца беларуска.

Неўзабаве Анастасіі даслалі анкету, падрабязней распавялі пра магчымасці і запрасілі на сумоўе. Яно доўжылася нядоўга — хвілін дзесяць. Беларуска паказала дакументы, распавяла пра сябе.

У анкеце трэба было патлумачыць сваю матывацыю. У Анастасіі такіх прычын набралася тры.

— Першая мэта — гэта польская мова. Я разумела, што гэта супермагчымасць размаўляць з носьбітам і вывучаць польскую культуру. Потым — у мяне няма бабуль, на жаль, яны ўжо ўсе памерлі, таму зносіны з пажылым чалавекам — гэта таксама для мяне важна. Ну і трэцяя прычына — мне хацелася зрабіць свой уклад у грамадства, дзе я жыву. Польшча мяне прыняла, я тут жыву, і мне хацелася быць карыснай гэтай краіне, — пералічвае Анастасія.

На сумоўі таксама спыталі, каго яна хацела б бачыць сваім падапечным — мужчыну ці жанчыну.

— Я сказала, што мне ўсё роўна, але было б цудоўна, калі б у чалавека была жывёла. Праўда, у маёй падапечнай у выніку жывёл няма, — распавядае Анастасія і дадае, што, паводле яе адчуванняў, гэтыя дэталі не адыгралі асаблівай ролі: важней было, каб людзі проста спадабаліся адно аднаму.

Праз два тыдні куратарка Анастасіі патэлефанавала і сказала, што для яе знайшлася пара — пані Божэна.

«Ёсць выразная грань паміж валанцёрствам і сацыяльнай працай»

Першая сустрэча прайшла ў Божэны дома разам з куратаркай — яны падпісалі пагадненне пра валанцёрства і яшчэ раз абумовілі асноўныя правілы: валанцёрства добраахвотнае, яно не аплачваецца, валанцёрка не абавязана выконваць хатнюю працу, падымаць цяжары і іншае.

— Па сутнасці, гэты праект накіраваны на пераадоленне адзіноты. Як я зразумела, гэта частка дзяржаўнай палітыкі — барацьба з адзінотай пажылых людзей у Польшчы, — кажа Анастасія.

Яна падкрэслівае, што ў Польшчы праведзеная выразная грань паміж валанцёрам і сацыяльным работнікам.

— Сацыяльны работнік выконвае пэўную хатнюю працу, а валанцёр — гэта хутчэй сябар, як раней бываў сябар па перапісцы.

З Божэнай яны дамовіліся сустракацца раз на тыдзень, а далей ужо па патрэбах.

— Я прыходжу да яе штотыдзень прыкладна на паўтары гадзіны. Божэна расказвае шмат гісторый з мінулага — гэта якраз тое, чаго мне так не хапала. Прычым робіць яна гэта вельмі мастацка: па ролях, можна сказаць, ніколі не ведаеш, куды заверне сюжэт. Напрыклад, пра тое, як у дзяцінстве насіла сукенку з падшытымі рукавамі і падолам, якая «расла» разам з ёй некалькі гадоў, бо бацькі эканомілі для будаўніцтва дома пад Варшавай. Яна нарадзілася ў 1945 годзе, і ўсё яе дзяцінства выпала на цяжкі пасляваенны перыяд.

Паводле слоў Анастасіі, жанчына таксама цікавіцца і Беларуссю. Яна бывала на экскурсіі ў Брэсце і часта пра гэта ўспамінае.

— Яна пытаецца, як у нас там усё ўладкавана. У яе таксама меркаванне, што ўсё з-за Лукашэнкі. Аднойчы я расказала ёй, што мая сяброўка выйшла з турмы і прыехала — дык у яе аж слёзы на вочы навернуліся: яна вельмі ўражлівая, — кажа Анастасія.

Разам пяклі пернікі

Акрамя размоў, Анастасія і Божэна разам вырашаюць і некаторыя бытавыя пытанні. Напрыклад, беларуска дапамагае Божэне рабіць анлайн-пакупкі, разам яны хадзілі ў адміністрацыю (ужонд), выбіралі шторы.

— У снежні, напярэдадні Божага Нараджэння, мы разам з ёй рабілі пернікі. Высветлілася, што яна не можа раскатаць цеста, бо ў яе слабыя рукі. Яна замясіла цеста, я прыйшла, яго раскатала, мы яго выпяклі. Гэта было па-каляднаму, вельмі міла, — успамінае Анастасія.

Экзамен па польскай і пачуццё бабулі

Праз месяцы такіх зносін Анастасія прызнае: усе тры яе першапачатковыя мэты дасягнутыя. Перад Новым годам беларусцы прыйшоў падзячны ліст ад дырэктара цэнтра сацыяльнай дапамогі.

— Атрымліваецца, што мой уклад заўважылі, і цяпер у мяне ёсць пісьмовае пацвярджэнне, што я карысны чалавек для гэтага грамадства, — кажа Анастасія.

А ў лютым беларуска здала экзамен на ўзроўні B2 па польскай мове на 89%. Яна прынесла Божэне ў падзяку пірожныя, бо лічыць, што толькі дзякуючы размовам з жанчынай яе польская падцягнулася да такога ўзроўню.

— А што датычыцца бабулі — так, мне цалкам хапае гэтых зносін. Яна забаўная. Дзе я яшчэ магу такое пачуць. Я кажу: «Падрыхтоўваюся да экзамену». А яна кажа: «Я буду за пані маліцца», — смяецца Анастасія.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках