Расія мэтава атакавала месцы прыбыцця Уіткофа і Кушнера
- 5.09.2026, 16:13
- 1,960
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна зафіксавала гэтае злачынства.
Увечары 4 верасня і ўначы 5 верасня расійскія войскі нанеслі прыцэльныя ўдары па аэрапортах Кіева і Барыспаля — за дзень да чаканага візіту амерыканскіх перамоўшчыкаў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звязаў гэтыя атакі з планамі Стыва Уіткофа і Джарэда Кушнера прыляцець у краіну самалётам.
Паводле слоў украінскага прэзідэнта, расійскі бок мог даведацца пра падрыхтоўку да прыбыцця амерыканскай дэлегацыі паветраным транспартам з пасадкай у аэрапорце «Кіеў» або ў Барыспалі — і нанесеныя ўдары сталі адказам менавіта на гэтую інфармацыю.
Зяленскі адзначыў, што падобная мэтавасць удараў па аэрапортах назіраецца ўпершыню за доўгі перыяд, і назваў тое, што адбылося, заканамернай рэакцыяй Масквы на абмеркаванне магчымасці выкарыстання самалёта для дастаўкі амерыканскай дэлегацыі ва Украіну. Прэзідэнт падкрэсліў, што Кіеў зафіксаваў гэты інцыдэнт як злачынства з боку Расіі і ўлічыць яго ў далейшых кроках.