У Беларусі ўжо хочуць змяняць заканадаўства пад беспілотны транспарт
- 7.09.2026, 23:31
Пачынацца можа з трамваяў.
У Беларусі ўжо рыхтуюцца змяняць заканадаўства пад беспілотны транспарт. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ распавёў начальнік ГУДАІ МУС Віктар Ротчанкаў.
«У план па змяненні заканадаўства ўжо ўнесены нормы, каб урэгуляваць пытанне руху беспілотнага транспарту ў Рэспубліцы Беларусь на працягу двух-трох гадоў. Мы ўжо пачынаем працаваць над змяненнем заканадаўства, каб даць доступ… ну, можа быць, пачаць з трамваяў, потым з аўтамабіляў, каб імі кіравалі менавіта беспілотнікі», — распавёў Ротчанкаў.
Паводле яго слоў, праз два-тры гады ўжо трэба будзе выходзіць «на фінішную стадыю», а да 2030-га беспілотны транспарт будзе прапісаны ў ПДР.
Першы намеснік старшыні Дзяржкамітэта па стандартызацыі Аляксандр Бурак паведаміў, што дзяржаўныя стандарты па штучным інтэлекце і беспілотным транспарце пачнуць прымацца прыблізна ў 2027—2028 гадах.
Нагадаем, запуск робатаксі абмяркоўвалі ў Мінску летась.