2 траўня 2024, Чацвер, 7:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хаўер Салана накіроўвае ў Беларусь місію Еўразвяза (абноўлена)

3

Хуткім часам Еўразвяз накіруе місію ў Беларусь -- «для развіцця палітычных і эканамічных адносін».

Аб гэтым заявіў напярэдадні вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і бяспекі Хаўер Салана на сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

"У бліжэйшыя тыдні місія ЕЗ накіруецца ў Менск, каб ацаніць - як мы можам развіваць палітычныя і эканамічныя адносіны з Беларуссю", - заявіў ён.

"Беларусь гатовая развіваць прадуктыўныя адносіны з ЕЗ. Мы гатовыя працаваць у гэтым напрамку", - цытуе ІТАР-ТАСС Мартынава.

Рада ЕЗ на ўзроўні міністраў замежных спраў часткова адмяніла санкцыі супраць Беларусі, каб "падтрымаць прагрэс у пытанні правоў чалавека ў Беларусі". Падставай для гэтага кроку стала вызваленне ў жніўні з турмаў апошніх прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

ЕЗ зняў забарону на выдачу еўрапейскіх віз 36 беларускім чыноўнікам, уключаючы Аляксандра Лукашэнку. У той жа час у "чорным спісе" ЕЗ застаюцца яшчэ 5 беларускіх функцыянераў, якіх Еўразвяз лічыць асабіста адказнымі за знікненне беларускіх апазіцыйных дзеячоў. У той жа час Рада ЕЗ адзначыла, што дзеянне забароны на выдачу віз толькі "прыпыненае на шэсць месяцаў". Калі па заканчэнні гэтага тэрміна Еўразвяз палічыць, што сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца, дзеянне забароны можа быць адноўленае. Акрамя таго, пакуль пакінутае ў сіле рашэнне аб замарожванні фінансавых рахункаў беларускіх чыноўнікаў у еўрапейскіх банках.

Як гаворыцца ў заяве, прынятай па выніках паседжання міністраў замежных спраў краін ЕЗ 13 кастрычніка ў Люксембурзе, кіраўнікі МЗС краін Еўразвяза спадзяюцца "на паступовае пашырэнне адносінаў з Беларуссю", а таксама гатовыя "развіваць дыялог з беларускімі ўладамі і ўсімі, хто прымае ўдзел у дэмакратычнай дыскусіі". Мэта ЕЗ — "падтрымка прагрэсу ў галіне дэмакратызацыі і захаванні правоў чалавека ў Беларусі", адзначаецца ў дакуменце.

На працягу шасці месяцаў Еўразвяз пакідае за сабой права перагледзець санкцыі, уведзеныя ў адносінах да беларускіх уладаў, у залежнасці ад прагрэсу ў галіне рэфармавання выбарчага заканадаўства і дэмакратызацыі. Па меркаванні міністраў краін ЕЗ, Беларусі неабходна "прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з абавязаннямі АБСЕ і міжнароднымі стандартамі ў галіне дэмакратычных выбараў, а таксама распачаць пэўныя крокі для павагі дэмакратычных каштоўнасцяў, вяршэнства закона, правоў і свабод чалавека, у прыватнасці свабоды выяўлення, свабоды СМІ, свабоды схода і палітычнай асацыяцыі".

Пры гэтым міністры заявілі аб магчымасці "аднавіць санкцыі раней, у залежнасці ад дзеянняў беларускіх уладаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека".

У заяве таксама адзначаецца, што, нягледзячы на паляпшэнні падчас "парламенцкіх выбараў" 2008 года, яны не адпавядалі дэмакратычным стандартам АБСЕ. У той жа час вітаецца вызваленне беларускіх палітвязняў і магчымасць для апазіцыі правесці мірную акцыю пратэсту ў дзень выбараў.

Міністры краін ЕЗ заклікалі беларускія ўлады прытрымлівацца рэкамендацый АБСЕ і "паўнавартасна супрацоўнічаць з БДІПЧ АБСЕ".

У заяве выяўленая падтрымка распачынанням Еўракамісіі па пашырэнні тэхнічнага супрацоўніцтва ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць для ўмацавання сувязяў з уладамі Беларусі і яе грамадзянамі. "ЕЗ працягне аказваць падтрымку беларускай грамадскай супольнасці з мэтай падтрымкі дэмакратызацыі краіны і развіцці плюралізму", — заявілі кіраўнікі МЗС краін ЕЗ.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках