Флэш-моб супраць прапаганды БТ у Менску (Фота)
12- 20.11.2008, 14:35
Моладзевыя актывісты Партыі БНФ правялі флэш-моб на Камароўскім рынку у Менску.
Актывісты патлумачылі, што гэтай акцыяй яны спрабавалі зьвярнуць увагу грамадзтва на распаўсюд ілжывай інфармацыі ў дзяржаўных мэдыях, перадае «Радыё Свабода».
Яны раздавалі пакеты з лапшой хуткага прыгатаваньня «Ролтан», з тэкстам зь якога вынікала, што БТ ня ёсьць сапраўднай крыніцай інфармацыі.
«Не дазваляй вешаць сабе лапшу на вушы! Глядзі «Беласат», - заклікала паведамленьне.
Мінакі вельмі добра рэагавалі на дзеяньні актывістаў і ахвотна бралі пакеты, калі даведваліся, што гэта не рэклямная, а палітычная акцыя.
На рынку было шмат байцоў АМАПу ў цывільным. Непадалёк ад Камароўскага рынку, на вуліцы Веры Харужай, стаяў аўтазак. Але нікога не затрымалі.