25 красавiка 2024, Чацвер, 15:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін: «Галоўнае, што я магу выканаць апошнюю волю Ірыны» (Відэа)

76
Аляксандр Казулін: «Галоўнае, што я магу выканаць апошнюю волю Ірыны» (Відэа)

Першае інтэрв'ю на свабодзе палітвязень Аляксандр Казулін даў прэс-цэнтру Хартыі’97. Аляксандр Казулін быў вызвалены сёння ў 1 гадзіну ночы на трое сутак для ўдзелу ў пахаванні жонкі, якая сканала 23 лютага. «Цяпер самае галоўнае, што я магу выканаць апошнюю волю маёй каханай Ірыны – праводзіць яе ў апошні шлях», – гаворыць Аляксандр Казулін.

– Аляксандр Уладзіслававіч, прыміце, найперш, нашы глыбокія спачуванні. Якім чынам Вас вызвалілі з калоніі? Сам начальнік прывёз Вас дамоў на машыне…

– Дзякуй вялізны. Ну, я яшчэ не зусім на свабодзе. Мяне вызвалілі на тры дні, каб развітацца з жонкай. Як толькі я даведаўся пра смерць Ірыны, я адразу абвясціў галадоўку і заявіў, што з 26 лютага пачну сухую галадоўку. Што такое сухая галадоўка, вы ўяўляеце… Сёння я даволі ў жорсткай манеры патрабаваў, каб мне, па-першае, далі патэлефанаваць дочкам і далі пахаваць Ірыну. Я казаў, што гэтае выдасканаленае здзекаванне нада мной і над маёй сям'ёй. Двое сутак, як памерла мая жонка, а ніхто не варушыцца. Потым была жорсткая гутарка з начальнікам Дэпартамента выканання пакаранняў па Віцебскай вобласці, ён спрабаваў распавядаць мне нейкія казкі, якім я не верыў. Але ў 20.45 да мяне прыйшлі і сказалі, каб я збіраў рэчы і ехаў дамоў. Цяпер самае галоўнае, я здолею выканаць апошнюю волю маёй каханай Ірыны – праводзіць яе ў апошні шлях.

– Аляксандр Уладзіслававіч, калі пройдуць паніхіда і пахаванні? Развітацца з Ірынай Іванаўнай жадае шмат беларусаў…

– Хутчэй за ўсё, паніхіда будзе сёння, у Чырвоным касцёле. Арыентавана ў 20.00. Пахаванні павінны прайсці ў сераду. Трэба ўдакладніць усе тэхнічныя дэталі, таму літаральна раніцай мы зможам сказаць усё дакладна.

– Вы мяркуеце, што Лукашэнка асабіста даў указанне Вас вызваліць?

– Як садзілі мяне па яго асабістаму ўказанню, так і вызвалілі таксама па яго ўказанню. Другі хто на яго месцы вызваліў бы мяне па амністыі, бо я адседзеў траціну тэрміна. Не было ніякіх праблем, захоўваючы твар, мяне вызваліць. Тым больш, ведаючы, у якім стане знаходзіцца мая жонка. Як вы разумееце, Ірыне, найперш, трэба было, каб муж быў побач. І тады гэта было б чалавеча. Але ён зрабіў усё, каб зняважыць мяне, як мага больш.

– Вы разлічваеце, што Вас вызваляць канчаткова? Бо на Вашым неадкладным і безумоўным вызваленні настойваюць ЗША і Еўразвяз. Ваша вызваленне – першы крок да пачатку нармалізацыі стасункаў афіцыйнага Менска з Еўропай.

– Мне заўсёды было важна ведаць: я аб'ект гандлю ці суб'ект палітычнай дзейнасці? Хопіць ужо Лукашэнку душыць на свой народ. Час садзіцца за стол перамоваў і вырашаць будучыню сваёй краіны. І вырашаць гэта сур'ёзна. Цалкам відавочна, што Лукашэнку ад гэтага ўжо нікуды не дзецца, а ён баіцца Казуліна, робіць усё магчымае, каб трымаць яго ў турме.

– Гэта значыць, Вы гатовыя сесці за стол перамоваў з Лукашэнкам?

– Нават пасля таго, як я перанёс столькі зневажанняў і абраз з яго боку, я гатовы сесці за стол перамоваў. Хоць, як вы разумееце, пасля яго выступу па тэлебачанні з нагоды маёй жонкі, я быў вельмі абражаны. Я паглядзеў гэты выступ двойчы – па ОНТ і СТВ і проста скамянеў… А потым жахнуўся ад таго, да якой ганебнасці можа дайсці чалавек, да такой глыбіні маральнага падзення. Убачыў выпаленае поле бездухоўнасці, абсалютную бяздушнасць. Вы добра разумееце, што пры раку чацвёртай ступені, любое нервовае ўзбуджэнне вядзе да таго… да чаго прывяло. Нельга казаць, што Лукашэнка забіў маю жонку, але ён зрабіў так, каб гэта здарылася.

Але нават у гэтай сітуацыі, перад светлай памяццю маёй жонкі, якая памерла, абараняючы свой гонар, абараняючы свой народ, і, змагаючыся за мужа, за краіну, я гатовы падняцца над асабістым. І я раю яму гэта зрабіць, бо ён можа навярнуць такіх спраў, ад якіх будзе вельмі балюча ўсім. Гаворка ж ідзе нават не пра дабрабыт маёй сям'і. Сёння ж дрэнна не толькі ў маёй сям'і, дрэнна ў кожнай сям'і беларусаў. Таму вырашаць пытанні трэба больш сур'ёзна і больш дасканала, чым спрабуюць нашы ўлады.

– Аляксандр Уладзіслававіч, як Вы перажылі гэтыя два гады ў калоніі?

– Прыходзілася жыць у пастаяннай барацьбе. Адны ставіліся да мяне як да былога кандыдата ў прэзідэнты, другія – як да будучага. Мяне ў калоніі ўсе клічуць прэзідэнтам. Кіраўніцтва калоніі, як вы разумееце, выконвае загады і, натуральна, стаўленне кіраўніцтва да мяне было даволі жорсткім, часам, нават бязлітасным. Турма ёсць турма. Напрыклад, мяне пазбавілі кароткатэрміновага спаткання з жонкай і з блізкімі толькі за тое, што я лёг спаць. Пасля выхаду з галадоўкі, у мяне быў вельмі моцна саслабелы арганізм. Калі я не спаў, то проста падаў. Я мог, седзячы на крэсле, заснуць. Я, вядома, разумею, што ім аддаюць загады, але ёсць жа нешта чалавечае. Шмат можна распавесці, але заўсёды трэба сябе ставіць на месца людзей, якія знаходзяцца ў шкуры тых, хто выконвае загады. Мы ж не ведаем, якія загады ім даюць, і з якой калянасцю з іх пытаюць, таму іх таксама трэба разумець.

– Вы гераічна вытрымалі працяглую галадоўку – 53 дні, і дамагліся немагчымага – узняцця беларускага пытання ў Радзе Бяспекі ААН. Як гэта адбілася на Вашым здароўі?

– Было вельмі дрэнна. Я не чакаў, што выхад з галадоўкі будзе такім пакутлівым, доўгім. Але, як мне потым растлумачылі, я дайшоў да мяжы. У мяне вага падала кожны дзень, а ў апошнія дні спыніўся на мяжы 63 кілаграмы. Я страціў 30 працэнтаў сваёй вагі, а пасля гэтага пачынаюцца незваротныя працэсы… Злучаныя Штаты Амерыкі, якія паднялі беларускае пытанне ў Радзе Бяспекі ААН, выратавалі мне жыццё.

Я ні на секунду не шкадаваў і не шкадую пра тое, што зрабіў. Калі ты б'ешся не за сябе, а за штосьці большае, ты пра сябе не думаеш. І тады ўсё роўна, што з табой будзе. Калі ёсць Гасподзь і воля боская, значыць так павінна быць. І калі ты патрэбен сваёй краіне і свайму народу – значыць, будзеш жыць. Таму, калі ты гатовы ісці да канца і ахвяраваць усім, толькі тады, на мяжы чалавечых магчымасцяў, можна чагосьці дамагацца. Мы жывем у такой краіне, што ўвесь час спрабуем сябе апраўдаць, баімся, што страцім працу, пасаду, нейкія прывілеі, матэрыяльныя выгоды, але пры гэтым забываем, што страчваем самае галоўнае – сваю душу, сваё сумленне.

– Аляксандр Уладзіслававіч, пасля таго, як вы пайшлі супраць рэжыму, вы ахвяравалі вельмі шмат чым. Вы не шкадуеце пра гэты крок?

– Я магу вам сказаць, што ў мяне проста не было іншага выхаду. Я шмат раз тлумачыў людзям, што трэба дзейнічаць разам, разам і не думаць пра тое, якую пасаду хто зойме, не думаць пра тое, як лепш выглядаць. Мяне гэта не цікавіла. Мяне цікавіў толькі вынік. Думаю, што нейкага выніку я ўсё-ткі дамогся.

– Усе гэтыя два гады беларусы і ўвесь свет змагаліся і будуць змагацца за Ваша поўнае вызваленне. Што б Вы хацелі сказаць людзям?

– Я атрымоўваў вялізную колькасць лістоў з Беларусі і з усяго свету. Рэкордам у мяне было 240 лістоў у дзень. Лісты з Беларусі асаблівыя. Калі людзі іх пішуць, калі закранутае іх унутранае я, калі ў іх запальваюцца сэрцы, цёплы агеньчык светлай іх сутнасці, гэта дае надзею, што людзі пачынаюць усведамляць, у якой краіне мы жывем, і што мы павінны зрабіць, каб дамагчыся выніку.

Фота "Радыё Свабода"

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках