29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі»: «З гэтых трох дзён я вынес для сябе нешта ўзнёслае і вялікае»

10
Аляксандр Казулін у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі»: «З гэтых трох дзён я вынес для сябе нешта ўзнёслае і вялікае»

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, а цяпер палітвязень Аляксандр Казулін учора вярнуўся ў віцебскую калонію № 3. Мінулі тры дні, якія беларускі рэжым пад ціскам міжнароднай грамадскасці даў яму для ўдзелу ў пахаванні жонкі – Ірыны Казулінай, якая сканала ў мінулую суботу пасля цяжкай хваробы.

Еўразвяз і ЗША патрабуюць поўнага і канчатковага вызвалення Аляксандра Казуліна, як перадумовы пачатку перамоваў з афіцыйным Менскам аб нармалізацыі стасункаў з Захадам. Менавіта пра гэта гаварылася ў заяве намесніка прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Тома Кейсі ад 26 лютага. Ён падкрэсліў, што канчатковае вызваленне Аляксандра Казуліна будзе азначаць, што ў Беларусі вызваленыя «ўсе палітычныя зняволеныя». «Як толькі гэта адбудзецца, мы гатовыя пачаць дыялог з Беларуссю па паляпшэнні двухбаковых стасункаў», – заявіў Т. Кейсі.

Раней спачуванні Аляксандру Казуліну і яго сям'і выказаў прэзідэнт ЗША Джордж Буш.

Расейскай рэдакцыі «Голасу Амерыкі» атрымалася звязацца з Аляксандрам Казуліным па тэлефоне ў момант, калі лідэр апазіцыі, асуджаны на пяць з паловай гадоў за пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, вяртаўся да месца адбывання зняволення.

Алекс Кэмпбел: Аляксандр Уладзіслававіч, якія галоўныя высновы Вы зрабілі пасля свайго трохдзённага знаходжання на свабодзе?

Аляксандр Казулін: З гэтых трох дзён я вынес для сябе нешта ўзнёслае і вялікае, што завецца людской любоўю, праявай глыбіннага, шчырага чалавечага спачування і спагады. І вось гэта ў нейкай ступені перавярнула ўсяго мяне. Я вельмі рашуча настроены ў сваіх далейшых дзеяннях. Але дзякуючы таму, што я пачуў ад людзей, я зразумеў, што нельга прыпадабняцца цяперашняй уладзе. Нельга вырашаць праблемы шляхам ультыматумаў, шляхам гвалту. Мы павінны паставіць кропку на гвалце, мы павінны задумацца пра сур'ёзныя, сапраўдныя каштоўнасці, якія ўсім нам уласцівыя, мы павінны даць свабоду светламу пачатку, які ёсць у кожным чалавеку, і гэта сёння я прапанаваў спадару Лукашэнку.

Алекс Кэмпбел: Ваш лёс як палітвязня знаходзіўся ў цэнтры ўвагі міжнароднай грамадскасці апошнія два гады. Ці адчувалі Вы падтрымку Злучаных Штатаў і Еўрапейскага Звязу?

Аляксандр Казулін: Карыстаючыся прадстаўленай магчымасцю, я хачу выказаць падзяку ўсяму амерыканскаму народу, прэзідэнту Бушу, дзяржсакратару Райс і Дзярждэпартаменту ЗША за тое, што яны проста выратавалі мне жыццё. Яны пайшлі на беспрэцэдэнтныя дзеянні ў сферы дыпламатыі толькі дзеля таго, каб выратаваць жыццё аднаго чалавека. Яны яшчэ раз даказалі, наколькі ў Злучаных Штатах Амерыкі шануецца чалавечае жыццё.

Магу сказаць, што я сапраўды зноўку нарадзіўся. Як вядома, кожны чалавек, які нарадзіўся на тэрыторыі ЗША, становіцца іх грамадзянінам, таму, даўшы мне другое жыццё, ЗША набылі ў маёй асобе часцінку яшчэ аднаго грамадзяніна – як вы разумееце, ва ўмоўным сэнсе.

Я удзячны прэзідэнту Бушу за тое, што ён асабіста выказаў спачуванне маёй сям'і, за тое, што ён сочыць за маім лёсам. Паверце, нам, простым людзям, гэта не проста прыемна. Гэта гаворыць пра нешта значна большае, пра тое, што прэзідэнту ЗША ўласцівыя пачуцці спачування, літасці і высокай маралі.

Алекс Кэмпбел: Што Вам вядома пра планы беларускіх улад у дачыненні Вас?

Аляксандр Казулін: Мне дадзенае пэўнае ўказанне прыбыць у калонію да 20.00. Таму праз паўтары гадзіны я выязджаю з Менска, каб прыбыць своечасова. Я заўсёды з'яўляўся і з'яўляюся законапаслухмяным грамадзянінам, і заўсёды казаў, што законы павінны выконвацца абсалютна ўсімі. Калі ў краіне будзе кіраваць закон, тады будзе і парадак.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках