26 красавiка 2024, Пятніца, 9:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін: «Будучыня Беларусі – у Еўропе» (Відэа)

97
Аляксандр Казулін: «Будучыня Беларусі – у Еўропе» (Відэа)

Палітвязень Аляксандр Казулін падчас прэс-канферэнцыі напярэдадні ад'езду ў Віцебскую калонію заявіў, што падчас 53-дзённай турэмнай галадоўкі яго жыццё выратаваў народ Злучаных Штатаў Амерыкі. Палітык таксама заявіў, што сёння для яго цалкам відавочна, што «Беларусь – еўрапейская краіна і будучыня Беларусі – у Еўропе».

«Мы павінны паставіць рысу над мінулым, забыць асабістыя крыўды, дзяленне на правых і левых, на сумленных і несумленных, зручных і нязручных. Мы ўсе павінны сёння аб'яднацца і прыйшоў час перамен. Час гвалту, войны, тэрору канчаецца. Наступае час прымірэння і спакою. Наступае час свету ў нашай краіне», – з гэтай заявы Аляксандр Казулін пачаў прэс-канферэнцыю.

Палітвязень зноў заклікаў Аляксандра Лукашэнку да дыялогу з апазіцыяй. «Я сёння прачнуўся іншым чалавекам, пасля гэтых двух дзён у маёй душы наступіў спакой і прымірэнне. Я заўсёды разумеў, што гвалт згубны і ні да чаго добрага не прыводзіць. Я дарую Лукашэнку. Мая сям'я даруе Лукашэнку за ўсё, што было нам прычыненае. У мяне няма злосці, нянавісці і нават раздражнення. Я прапаноўваю і яму забыць пра ўсе асабістыя крыўды, падняцца над гэтым. Прыйшоў час Лукашэнку падняцца над сваімі страсцямі, над нізінным, і выказаць тое светлае, што ёсць у ім, як яно ёсць у кожным чалавеку. Я прапаноўваю пачаць усё з чыстага ліста дзеля будучыні нашай краіны, дзеля будучыні нашых дзяцей, дзеля свабоднай і незалежнай Беларусі» , – адзначыў палітык.

Казулін распавёў, якой ён бачыць будучыню свабоднай і незалежнай Беларусі.

«Цяпер мы павінны разабрацца ў сябе ўнутры краін. Калі мы гэта зробім, у нас з'явяцца нармальныя стасункі і з Еўразвязам, і з Злучанымі Штатамі Амерыкі, і з Расеяй. Сёння я магу вам сказаць: Беларусь – еўрапейская краіна, і, вядома, будучыня наша – у Еўропе. Пры гэтым стасункі з Расеяй у нас павінны заставацца добрымі. Але, паўтараю, будучыня наша – у Еўропе», – заявіў Аляксандр Казулін.

Палітвязень таксама падкрэсліў, што падчас 53-дзённай турэмнай галадоўкі яго жыццё выратаваў народ Злучаных Штатаў Амерыкі, бо менавіта ЗША пачулі заклік Казуліна і паднялі беларускае пытанне ў Радзе Бяспецы ААН.

«Жыццё мне выратавала Амерыка і народ ЗША, для якіх сам фактар аднаго чалавечага жыцця з'яўляецца вельмі важным. Яны прадэманстравалі на ўвесь свет, што трэба шанаваць кожнае чалавечае жыццё. Я быў вельмі недалёка ад той рысы, за якой пачынаецца іншы свет. Больш за тое, я нават там пабываў. Магу сказаць, што там нават лепш, чым тут. Фактычна, калі браць зямны свет, то я нарадзіўся зноўку», – сказаў Казулін.

Аляксандр Казулін адзначыў важнасць таго, каб 25 сакавіка ў Беларусі годна адзначылі 90-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Я папрасіў дэмакратычныя сілы краіны падтрымаць маю ініцыятыву абвясціць 2008 год годам Беларускай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, Еўропе і ва ўсім свеце. У сілу таго, што ў 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка была створаная з ініцыятывы беларускіх сацыял-дэмакратаў, то, вядома, гэтая ініцыятыва павінна зыходзіць ад сацыял-дэмакратаў Беларусі. Я папрасіў таксама ўсіх падтрымаць маю ініцыятыву аб стварэнні Народнага камітэта па святкаванні 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі», – паведаміў палітык.

Палітвязень Аляксандр Казулін сёння павінен вярнуцца ў віцебскую калонію № 3. Канчаюцца тры дні, адпушчаныя Аляксандру Казуліну для пахавання жонкі Ірыны, памерлай ад цяжкай хваробы 23 лютага. Палітык заявіў, што не будзе аб'яўляць у калоніі галадоўку пратэсту. Паводле яго слоў, падчас пахавання жонкі вельмі шмат людзей прасілі яго не галадаць, а захаваць здароўе і жыццё. «Адказнасць перад людзьмі прымушае мяне адмовіцца ад галадовак», – адзначыў Казулін.

Еўразвяз і ЗША патрабавалі вызваліць Аляксандра Казуліна канчаткова. Толькі ў гэтым выпадку ў афіцыйнага Менска ёсць шанец пачаць працэс нармалізацыі стасункаў з Захадам.

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках