25 красавiка 2024, Чацвер, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЦВК лікуе: з 51-й скаргі задаволеныя толькі 8

6
ЦВК лікуе: з 51-й скаргі задаволеныя толькі 8

Цэнтрвыбаркам скончыў разгляд скаргаў прэтэндэнтаў, незарэгістраваных кандыдатамі ў дэпутаты. За два дні з 51 скаргі былі задаволеныя толькі 8. Незарэгістраванымі засталіся намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр БСДП (НГ) Мікола Статкевіч, кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Салаш.

Не задаволеныя таксама скаргі аднаго з лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева, актывістаў апазіцыі Юрыя Карэтнікава, Мікалая Ўласевіча, Ірыны Вештард, Мікалая Кійко і іншых.

Нагадаем, што ўчора ЦВК разгледзеў 30 скаргаў на адмову ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты «палаты прадстаўнікоў», балатуючыхся ў выбарчых акругах Брэсцкай, Гомельскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай абласцей. У выніку разгляда заяваў Цэнтрвыбаркам прыняў рашэнне зарэгістраваць усяго 5 кандыдатаў -- прадпрымальніцу Ірыну Яскевіч, сябра партыі камуністаў Беларускай Міхаіла Селівонца, рэдактара газеты «Барысаўскія навіны» Анатоля Букаса, беспартыйных Юрыя Рубцова і Івана Шчарбакова.

Сёння былі разгледжаныя яшчэ 20 скаргаў. Здаволеныя былі 3 з іх - беспартыйнай Вольгі Шыханцовай, лідэра незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэса Ўладзіміра Навасяда і яшчэ аднаго прэтэндэнта, прозвішча якога пакуль невядомае.

Паказальным быў сёння выпадак з разглядам скаргі актывіста руху "За Свабоду" Алеся Лагвінца. Пасля таго, як Лагвінцу адмовілі ў рэгістрацыі, кіраўнік ЦВК Ярмошына заявіла: "Ніколі не трэба выхоўваць ЦВК. Гэта дорага абыходзіцца".

Такім чынам кіраўнік ЦВК адрэагавала на крытыку з боку актывіста апазіцыі. "Я заявіў, што адмовы ЦВК прадаставіць вынікі галасавання па кожным участку акругі супярэчаць нармальнай юрыдычнай практыцы. Яны кажуць, што гэта не прадугледжана Выбарчым кодэксам. Але Канстытуцыяй прадугледжанае права атрымання інфармацыі. Асноватворчы юрыдычны прынцып у любой прававой дзяржаве - усё, што не забаронена, дазволена. А наша ЦВК і дзяржава зыходзяць з прынцыпу: усё, што не дазволена, забаронена", -- распавёў Лагвінец.

Па меркаванні праваабаронцаў, адсотак нерэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў на "парламенцкіх выбарах" надзвычай высокі. Пасля абскарджання стала вядома, што з 365 чалавек, якія падалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты, не прайшлі рэгістрацыю 76 чалавек. Гэта складае 25 адсоткаў ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў. Колькасць незарэгістраваных актывістаў апазіцыі складае каля 50 чалавек.

"Гэта незвычайна высокі адсотак. На гэтых "выбарах" не прайшоў рэгістрацыю кожны трэці. Судзячы па адсотку незарэгістраваных дэмакратычных кандыдатаў, казаць аб дэмакратычнасці "выбарчага працэсу" не прыходзіцца. Цяпер у Беларусі 2,5 кандыдата на акругу - гэта смяхотна мала. Толькі цяпер у 12 акругах "выбары" будуць безальтэрнатыўнымі. Але, улічваючы, што Партыя БНФ збіраецца здымаць сваіх кандыдатаў да 23 верасня, а гомельскія дэмакраты ўжо зняліся з "выбараў", то адназначна, што такіх безальтэрнатыўных акруг будзе значна больш", -- заявіў прэс-цэнтру Хартыі'97 віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, што 30 жніўня з-за масавых парушэнняў уладамі выбарчага заканадаўства і немагчымасці правядзення ў краіне свабодных выбараў Сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне зняць партыйных кандыдатаў у дэпутаты з "парламенцкіх выбараў" да 23 верасня. Астатнія апазіцыйныя партыі маюць намер вызначыцца 21 верасня наконт свайго ўдзелу або няўдзелу ў выбарчым фарсе.

На фота: злева адзін з лідэраў прадпрымальнікаў Алесь Макаеў, зправа – сябра ЦВК РБ.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках