13 чэрвеня 2026, Субота, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як руйнуюцца дыктатарскія рэжымы?

26
Як руйнуюцца дыктатарскія рэжымы?

З 1946 па 2009 год у свеце зафіксавана парадку 140 зменаў рэжымаў. У Цэнтральнай і Усходняй Еўропе калапс дыктатарскіх рэжымаў праходзіў з-за цяжкой эканамічнай і палітычнай сітуацыі.

Аб тым, якія варыянты змены дыктатарскіх рэжымаў, газеце «The New Times» распавёў доктар філасофскіх навукаў, віцэ-прэзідэнт расейскага Фонду «Ліберальная місія» Ігар Клямкін.

-- Рэжымы Варшаўскага блока нельга было назваць класічнымі аўтарытарнымі рэжымамі, для якіх характэрная адсутнасць ідэалогіі, але затое эканамічная свабода пры жорсткім палітычным кантролі. Але і таталітарнымі яны ўжо не былі: як мінімум не было інстытуалізаванага гвалту як прылады кіравання, дзе-нідзе дапускалася дробная прыватная ўласнасць, дзе-нідзе — вэлюм шматпартыйнасці. І ў гэтым сэнсе іх досвед для нас карысны.

За выключэннем Румыніі Чаўшэску, дзе рэжым быў надзвычай жорсткім. І яшчэ адна важная заўвага: пры тым, што былі розныя мадэлі трансфармацыі рэжымаў, каталізатары гэтага працэсу былі агульныя.

Першае — цяжкі эканамічны крызіс у імперыі, гэта значыць у СССР, і адмова апошняга ад танкаў, ад умяшання ва ўнутраныя справы сваіх сатэлітаў. Савецкія войскі, якія стаялі ў Вугоршчыне, Польшчы, Чэхаславаччыне, ГДР, не ўмешваліся ва ўсё, што там адбывалася.

Другое — крызіс кіравальнасьці ва ўсіх гэтых краінах, немагчымасць уладнай эліты забяспечыць развіццё, і як следства — альбо стагнацыя, альбо востры эканамічны крызіс. Адсюль — хваляванне ў эліце, якая расколваецца, і нарастанне нізавой актыўнасці грамадства, простых людзей, жыццё якіх становіцца цалкам нясцерпным.

Варыянт № 1

Цяпер — якія варыянты. Румынія была адзінай краінай, дзе змена ўлады адбылася ўнутры ўладнага клана, калі адна група, скарыстаўшыся вулічным пратэстам, прыбрала з уладных кабінетаў сваіх ранейшых калегаў і начальнікаў.

Іншая адметная рыса румынскага варыянту — там армія адмовілася прыйсці на дапамогу дыктатару, а вось спецслужба — секурытатэ, наадварот, страляла ў натоўп. Акрамя таго, Румынія была адзінай краінай, дзе пайшлі на фізічнае знішчэнне ранейшага кіраўнікі дзяржавы, такі, хутчэй, лацінаамерыканскі варыянт: Чаўшэску схапілі, расстралялі, і прадстаўнікі ранейшай камуністычнай эліты — Іён Іліеску стаў іх лідэрам — захапілі ўладу.

Іліеску стварыў Фронт нацыянальнага выратавання і абвясціў выбары — там ў лічаныя месяцы ўтварылася больш за 80 партыяў. Кантралюючы дзяржаўны апарат, СМІ і вуліцу (прыхільнікі Іліеску прывозілі ў Бухарэст дэсанты шахцёраў, якіх накіроўвалі супраць студэнцкіх дэманстрацыяў) і, выкарыстаўшы слабасць апазіцыі, камуністычная наменклатура выйграла выбары, атрымала легітымнасць і пратрымалася ля ўлады 7 гадоў. У 1996 годзе Іліеску выбары прайграў, і адбылася змена эліты — камуністычная наменклатура прызнала сваю паразу.

У большасці іншых краінаў сацлагера змена не проста рэжыму, а сістэмы праходзіла ў выніку пакта эліты, дзеля чаго нярэдка выкарыстоўваўся механізм «круглых сталоў», на якіх уладная эліта дамаўлялася з апазіцыяй.

-- Дамаўляліся пра што?

Пра свабодныя выбары і тым самым — пра змену формы кіравання. Пра ліквідацыю ўладнай манаполіі. Гэта значыць адразу быў закладзены прынцып палітычнай канкурэнцыі і змяняльнасці ўлады. І што ўлада фарміруецца пры дапамозе галасоў насельніцтва, а не элітнай дамовы, у выніку якой адна ўладная манаполія, скажам, камуністычная, змяняецца на іншую, такую ж манаполію, якая называе сябе дэмакратычнай, як гэта адбылося ў Расеі.

Варыянт № 2

-- Але ў Польшчы была і неэлітная арганізаваная сіла — працоўны рух «Салідарнасць»…

-- Так, і гэта было толькі ў Польшчы: нідзе больш арганізаванай нізавой апазіцыі ў камуністычны перыяд не паўстала. І лідэры «Салідарнасці» удзельнічалі ў «круглым стале» 89-га года. І Ярузэльскі, які ўзначальваў камуністычнае кіраўніцтва, удзельнічаў — ён зразумеў, што ўладную манаполію захаваць не атрымаецца. Яны дамовіліся пра выбары ў абедзве палаты, дамовіліся, што Ярузэльскага пакінуць у якасці прэзідэнта — да першых свабодных выбараў у 90-м годзе: удзельнікі «круглага стала» ацанілі, што ён добраахвотна пайшоў на дэмантаж сістэмы.

У чымсьці падобны варыянт быў і ў краінах Балтыі, дзе не было пакта эліты, але дзе падчас перабудовы ўтварыліся «народныя франты» — масавыя рухі, арганізаваныя антыкамуністычнай, антыімперскай элітай, у шэрагах якой былі і старыя палітыкі, і новыя, і ўсе — аб'яднаныя ідэяй здабыцця дзяржаўнай незалежнасці.

Варыянт № 3

У Чэхаславаччыне важную ролю сыграла вуліца, якая паштурхнула эліту да заключэння пакта. Стыхійная вуліца — не арганізаваная.

У лістападзе 89-га года ў Чэхаславаччыне былі студэнцкія дэманстрацыі. Улада іх жорстка разагнала, што выклікала выбух: дэманстрацыі пайшлі па ўсёй краіне. Быў і знакаміты мітынг у цэнтры Прагі. І тады ўладная вярхушка зразумела, што трэба адступаць: фактычна яна адмовілася ад улады і пайшла на перамовы з апазіцыяй.

Там быў створаны часавы ўрад нацыянальнай згоды, пасля чаго Гусак склаў з сябе прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Але там былі і арганізаваныя групы інтэлектуалаў, быў Грамадзянскі форум, які накіраваў працэс у патрэбнае рэчышча.

Варыянт № 4

Вугорскі досвед — там сур'ёзнага ціску знізу не было. Была шалёна цяжкая эканамічная сітуацыя, велізарны дзяржаўны доўг, сувымерны з аб'ёмам ВУП, і Кадар у выніку сышоў з пасады, але не пад ціскам — ён сам разумеў, што не валодае сітуацыяй. Апазіцыйныя групы там ўжо ўзніклі, аднак узніклі менавіта як элітныя групы, якія адпавядалі масавым настроям, але нейкага ціску знізу не было.

Ну а далей сабраўся «круглы стол». Так што гэта быў элітны пакт у чыстым выглядзе.

-- І далей былі выбары?

-- Так, свабодныя выбары паўсюль былі абавязковым элементам. Камуністы, як правіла, іх прайгравалі, хаця і змянялі сваю назву: акрамя Чэхаславаччыны, яны паўсюль сталі сацыялістамі. Апазіцыя прыходзіла да ўлады, праводзіла рэформы, і нярэдка потым сацыялісты перамагалі, а потым перамагалі іх — карацей, сфармаваўся нармальны механізм змены эліты з дапамогай палітычнай канкурэнцыі.

Варыянт № 5

Нарэшце, крыху асобна стаіць балгарскі варыянт. Там унутры кіруючай групоўкі адбыўся раскол. Камуністы прыбралі свайго лідэра Жыўкава, але хацелі захаваць манаполію на ўладу: яны ездзілі да Гарбачова і кляліся, што ад сацыялізму не адступяць. Але, зразумеўшы, што Масква ім не дапаможа, пайшлі на «круглы стол».

Апазіцыя ў іх была вельмі слабенькая, таму што ў Балгарыі не было нават больш ці менш прыкметнага дысідэнцкага руху, вельмі слабая эміграцыя. Царква ніякай ролі, у адрозненні, напрыклад, ад Польшчы, не іграла — дакладней, яна была інтэграваная ва ўладу. І наагул, было не вельмі зразумела, чаму камуністы пайшлі на перамовы з апазіцыяй і адмовіліся ад манаполіі на ўладу.

-- І чаму?

-- Я пытаўся пра гэта балгарскіх экспертаў, яны адказвалі: «па-першае, зразумелі, што ўтрымаць манаполію на ўладу не атрымаецца, а па-другое, яны па тэлебачанні глядзелі, што ў Румыніі адбывалася, і не хацелі паўтору ў сябе. Яны пайшлі на «круглы стол», дамовіліся аб выбарах, правялі і — перамаглі. І прэзідэнтам стаў чалавек з былой камуністычнай наменклатуры.

Прычым, зноў падкрэслю, перамаглі сумленна. І так было паўсюль, дзе праходзілі «круглыя сталы» і заключаліся пакты эліты. Прынцып: выбар аддаецца на волю насельніцтва, падлік галасоў ідзе сумленна, той, хто прайграў сыходзіць — гэты прынцып быў закладзены ў аснову такіх пактаў. Чаму? Таму што яны хацелі ў Еўропу.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках