26 красавiка 2024, Пятніца, 11:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Анціпенка: «Беларуская эканамічная мадэль пачынае ўсё больш нагадваць гарбаты «запарожац»

4

Насталы год можа стацца надзвычай важным у вызначэньні далейшага кірунку разьвіцьця краіны, лічыць філёзаф Алесь Анціпенка, грамадзкі рэдактар «Радыё Свабода» гэтага тыдня.

Выглядае на тое, што эканамічныя праблемы будуць галоўнымі для большасьці беларусаў у 2009 годзе, кажа ён.

«Навагодні сюрпрыз у выглядзе 20 адсоткавага абвалу беларускага рубля зьбянтэжыў. Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты – адна з умоваў Міжнароднага валютнага фонду для атрыманьня крэдыту гэтай паважнай арганізацыі. Так што урад нібыта тут і ні пры чым. Але праўда й тое, што МВФ крэдыту нам не навязваў. А калі да гэтага дадаць, што беларускі бок зь ня меншым імпэтам імкнуўся атрымаць яшчэ і расейскі крэдыт, значыць, справы ў эканоміцы ідуць зусім ня лепшым чынам», - зазначае філёзаф.

На думку Алеся Анціпенкі, за эканамічнымі «сюрпрызамі» праглядаецца жаданьне шакаваць. і гэта нагадвае вайсковую апэрацыю, якая мае быць маланкава праведзеная.

«Я камуністам ня быў, Леніна не люблю, а таму ў адрозьненьне ад правадыра сусьветнага пралетарыяту зусім ня радуюся з нагоды паўсталых эканамічных цяжкасьцяў і, адпаведна, паразы нашаму ўраду не жадаю. Разам з тым варта зьвярнуць увагу на дзіўную стылістыку стасункаў, якая апошнім часам даволі шырока практыкуецца ў эканамічнай сфэры. Маю на ўвазе непрыемныя эканамічныя сюрпрызы, а часам і брутальныя дзеяньні, за якімі ясна праглядаецца жаданьне шакаваць і агаломшыць, па меншай меры. Ёсьць у гэтым і нешта вераломнае, што нагадвае вайсковую апэрацыю, якая мае быць маланкава праведзеная. У такой манэры, напрыклад, «Газпрам» раней адлучаў газ Беларусі, а цяпер – і Украіне. Гэтак жа дзейнічаюць і нашыя ЖЭСы, якія без усялякага папярэджаньня могуць «адрэзаць сьвятло» ў вашай кватэры», - кажа грамадзскі рэдактар “Радыё Свабода”.

Не прачнуцца да новай эканамічнай рэчаіснасьці беларусам будзе немажліва, лічыць ён.

«Вось і наш урад у той жа манеры давёў напаўсонным і празьмерна рэляксаваным беларусам пра дэвальвацыю рубля. Шоку не адбылося. Але і не прачнуцца да новай эканамічнай рэчаіснасьці будзе немажліва. Бо, як мінімум, на адну пятую частку зьменшыцца цягам года нашая пакупальніцкая здольнасьць. Проста калі ў вас быў 1 мільён рублёў, дык рэальна засталося ўжо толькі 800 тысячаў. І самае галоўнае: хто з нас уяўляе рэальныя маштабы эканамічных цяжкасьцяў у краіне? Іх, калі верыць беларускім афіцыйным мэдыям, 31 сьнежня 2008 году яшчэ не было. І тут раптам ніадкуль зьявіліся», - зазначае Алесь Анціпенка.

Гэтыя цяжкасьці ўжо адчуваюцца, канстатуе філёзаф, а іхнія рэальныя маштабы будуць бачныя ўжо праз некалькі месяцаў.

«Час ілюзыяў скончыўся, і мы рушым у новую рэчаіснасьць і новую будучыню. Страты на гэтым шляху ўжо відавочныя. А якія здабыткі? Я не аптыміст, але ведаю, што разьвітаньне з ілюзыямі, урэшце рэшт, можа прывесьці да набыцьця новых мажлівасьцяў. На гэта і варта спадзявацца. А рэальныя маштабы эканамічных цяжкасьцяў, найверагодней, будуць бачныя ўжо праз некалькі месяцаў», - мяркуе ён.

Перад краінай, да таго ж, стаіць цяжкая задача правядзеньня эканамічных рэформаў, неабходнасьць якіх штогод адкладалася праз датацыйныя кошты на расейскія энэрганосьбіты.

«Старая эканамічная мадэль пачынае ўсё больш нагадваць гарбаты «запарожац». Езьдзіць можна, але неяк непрыстойна. Пра камфорт і хуткаснасьць гаворка ўвогуле й не ідзе. Таму хацелася б, каб новая эканамічная сытуацыя ўсё ж паспрыяла шырокаму ўсьведамленьню неабходнасьці лібэральных рэформаў у краіне», - падсумаваў Алесь Анціпенка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках