2 чэрвеня 2024, Нядзеля, 17:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Правы чалавека ў Беларусі працягваюць парушацца

На тыдні непрыемнасці чакалі некаторыя незалежныя СМІ, а таксама моладзевых актывістаў, якіх імкнуцца прыцягнуць да службы ў войску менавіта за грамадзянскую актыўнасць.

Праблемы правоў і свабод чалавека за мінулы тыдзень падагульняе «Нямецкая хваля».

Ціск на незалежныя выданні

З пачатку бягучага году недзяржаўная грамадзка-палітычная газета «Борисовские новости» пазбавілася магчымасці друкавацца, а таксама распаўсюджвацца праз уласную гандлёвую сетку. Прыватная мінская друкарня «Плутас-Маркет», дзе апошнія гады друкавалася гэтае рэгіянальнае выданне, паведаміла рэдакцыі газеты, што са студзеня 2009 года скасоўвае дамову аб супрацоўніцтве. Як патлумачыла кіраўніцтва друкарні, адмова друкаваць газету звязана з «сусветным фінансавым крызісам».

«Палата прадстаўнікоў» зноў адмовіла ў акрэдытацыі журналістцы незалежнага выдання «Народная воля» Марыне Коктыш. У дасланым у рэдакцыю лісце паведамляецца, што заяўка наконт акрэдытацыі Марыны Коктыш была перададзена «адпаведным службам», якія вырашылі адмовіць журналістцы ў доступе «ў комплекс будынкаў па вуліцы Савецкай, 11» – гэта адрас Дома ўраду. Што гэта за «адпаведныя службы», у адмове не напісана. Летась у аналагічным выпадку фігуравала Служба бяспекі прэзідэнта. Але за беспадстаўную адмову рэдакцыя газеты «Народная воля» збіраецца падаць у суд скаргу на дзеянні «палаты прадстаўнікоў».

Як адзначыў з нагоды згаданых выпадкаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыст Андрэй Бастунец, гэта сведчыць пра тое, што ніякіх сістэмных зрухаў у накірунку да нейкай дэмакратызацыі становішча са сродкамі масавай інфармацыі не адбылося.

«Былі толькі паказальныя кропкавыя дзеянні, каб забяспечыць відочнасць руху ў гэтым напрамку», - мяркуе Андрэй Бастунец.

Адмова ў пікеце

Улады гораду Смаргонь не дазволілі пікет супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі. У адмове заяўнікам акцыі чыноўнікі спаслаліся на тое, што дагэтуль не падпісаны указ прэзідэнта аб будаўніцтве АЭС менавіта ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласці. Смаргоньскія актывісты планавалі правядзенне пікету «Астравецкая АЭС – пагроза смаргоньцам» на 11 студзеня.

Войска як пакаранне

Працягваюцца спробы прыцягнуць да вайсковай службы дэмакратычных моладзевых актывістаў. У Ракаве Менскай вобласці супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы лідэр «Моладзі БНФ» Франак Вячорка. Сілавікі патлумачылі, што маладзёну прадпісана з’явіцца ў ваенкамат, хоць ён мае адтэрміноўку ад вайсковай службы да сакавіка бягучага году і ніякіх дадатковых позваў не атрымліваў.

Як мяркуе бацька моладзевага лідэра, першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, «пасля таго, як Франак быў абраны кіраўніком «Моладзі БНФ», відавочна, Міністэрства абароны атрымала новы палітычны загад, што б там ні было забраць яго пад час зімовага прызыву, нягледзячы на тое, што ён мае адтэрміноўку яшчэ як мінімум на тры месяцы».

Лідэр салігорскага «Маладога Фронту» Іван Шыла і актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Кур’яновіч таксама атрымалі паведамленні пра тое, што яны тэрмінова будуць забраныя ў войска.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках