Узбекістан і ЗША падпісалі пагадненні на мільярды долараў
1- 19.10.2026, 19:14
- 1,246
Пакет складаецца з 54 пагадненняў.
Ведамствы і кампаніі Узбекістана і ЗША падпісалі пакет з 54 пагадненняў на суму $12 млрд. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ўзбекскага міністэрства інвестыцый, прамысловасці і гандлю.
Там удакладнілі, што гаворка ідзе пра пагадненні ў сферах гандлю, інвестыцый і тэхналагічнага супрацоўніцтва. Дасягнутыя дамоўленасці накіраваныя на мадэрнізацыю прамысловасці, транспартнай і энергетычнай інфраструктуры рэспублікі, асваенне крытычна важных мінеральных рэсурсаў, развіццё фінансавага сектара, лічбавых тэхналогій, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя і адукацыі, адзначылі ў прэс-службе.
Напрыклад, кампанія GE Aerospace паставіць рухавікі для новых самалётаў авіякампаніі Uzbekistan Airways. Кампанія Wabtec будзе пастаўляць лакаматывы, а таксама займацца арганізацыяй іх тэхнічнага абслугоўвання, выпускам камплектуючых і падрыхтоўкай кадраў.
«У горназдабыўной прамысловасці ўзаемадзеянне з ReElement Technologies, Traxys і Trafigura звязана з вывучэннем і асваеннем радовішчаў, тэхналагічнай кааперацыяй і пастаўкамі мінеральных рэсурсаў. Асобная ўвага надаецца развіццю нацыянальных кампетэнцый у сферы крытычных мінералаў», — гаворыцца ў паведамленні.
18 кастрычніка дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа прыбыў з жонкай у Самарканд. У панядзелак адбылася сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Злучаных Штатаў і краін Цэнтральнай Азіі ў фармаце C5+1 (механізм калектыўнага ўзаемадзеяння ЗША з Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Туркменістанам і Узбекістанам).
У дзелавой праграме ў Самаркандзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі больш як 400 кампаній з Узбекістана і іншых краін Цэнтральнай Азіі. З іх звыш 100 арганізацый былі амерыканскімі.