19 траўня 2024, Нядзеля, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскім праваабаронцам у чацвёрты раз адмовілі ў рэгістрацыі

Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама з надуманай прычыны не стала рэгістраваць «Берасцейскую вясну», нягледзячы на наяўнасць усіх неабходных дакументаў.

У адмове, падпісанай начальнікам упраўлення Сяргеем Каліноўскім, кажацца, што ў дакументах, пададзеных на рэгістрацыю, адсутнічае квітанцыя па аплаце дзяржпошліны. Як адзначае «Радыё Рацыя», па словах юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, акрамя таго, што квітанцыя знаходзілася ва ўпраўленні, «Берасцейская вясна» прыклала да яе копію.

Праваабаронцы пачалі рыхтаваць зварот у Канстытуцыйны суд і «палату прадстаўнікоў» аб адмене артыкула 193 Крымінальнага кодэкса РБ, дзе кажацца пра прыцягненні да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Яны прапаноўваюць усім грамадзянам, неабыякавым да лёсу сваёй краіны, падтрымаць гэтую акцыю. Малей упэўнены, што немагчыма пабудаваць прававую дзяржаву пры забароне дзейнасці грамадскіх арганізацыяў, палітычных партыяў, незалежных СМІ.

Нагадаем, што «Берасцейская вясна» спрабуе зарэгістравацца са студзеня 2009 года. Ёй неаднаразова адмаўлялі ў рэгістрацыі. Адмовы матываваліся недакладнасцямі статуту і непаданнем пры здаванні пакета дакументаў квітанцыі аплаты за размяшчэнне ў газеце аб'явы пра рэгістрацыю. Таксама прычынай для адмовы называлася адмена гарантыі на арэнду ўладальнікам памяшкання.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках