Лукашэнка ў адзін дзень сустрэўся з двума ваеначальнікамі – Катара і Індыі
10- 27.10.2009, 17:36
На абедзьвюх сустрэчах беларускі правіцель заяўляў пра неабходнасць больш актыўна развіваць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.
Беларусь і Індыя павінны пашыраць і інтэнсіфікаваць адносіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржаўным міністрам па пытаннях абароны ўрада Індыі Маліпудзі Мангапаці Палам Раджу, перадае БелТА.
«Асаблівасцю нашых адносін з'яўляецца тое, што мы ведаем, што трэба рабіць, мы нямала зрабілі, акрэслілі пэўныя накірункі, падпісалі мноства кантрактаў. Нам трэба пашырыць і інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва», - сказаў ён, адзначыўшы, што гэта павінна тычыцца не толькі супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, але і па лініі грамадзянскіх ведамстваў.
«Хацелася б, каб нашыя адносіны былі больш маштабныя», - рэзюмаваў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка адзначыў, што Беларусь «заўсёды ганарылася і ганарыцца адносінамі з такой вялікай краінай, якой з'яўляецца Індыя». «Гэта выдатная краіна, з велізарным патэнцыялам, вельмі працавітым народам», - сказаў Лукашэнка. Узгадваючы свае візіты ў Індыю ў 1997 і 2007 гадах, ён адзначыў, што краіна «сур'ёзна ўразіла яго».
У сваю чаргу Маліпудзі Мангапаці Палам Раджу адзначыў, што Індыя надае вялікае значэнне адносінам з Беларуссю, паколькі яны прайшлі праверку часам. Ён адзначыў падабенства поглядаў дзвюх краін на міжнародныя пытанні.
Кажучы пра ваенна-тэхнічнае узаемадзеянне дзвюх краін, міністр адзначыў, што яно паспяхова прасоўваецца наперад.
На сустрэчы з начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл Дзяржавы Катар генерал-маёрам Хамадам бэн Алі Аль-Аттыйя, Лукашэнка заявіў, што «перспектыва адносін Беларусі і Катара - у практычнай рэалізацыі праектаў». Беларускі кіраўнік разлічвае, што гэты працэс пачнецца пасля цяперашняга візіту начальніка Генштаба Узброеных Сіл Катара.
Узровень двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і Катарам нязначны. За перыяд 1993-2004 гадоў адзначаны толькі эпізадычныя экспартна-імпартныя пастаўкі. Асноўнымі відамі ў экспарце паслуг у Катар з'яўляюцца турыстычныя і адукацыйныя.
Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок вітае цікаўнасць Катара да Беларусі ў галіне турызму, зацікаўленасць дзелавых кругоў у беларускай прадукцыі, у ваенна-тэхнічнай сферы, дзе ёсць станоўчыя зрухі.
У сваю чаргу начальнік Генштаба Узброеных Сіл Катара адзначыў, што Катар высока шануе адносіны з Беларуссю, перш за ўсё ў ваеннай сферы. «Думаю, што гэтыя адносіны дадуць магчымасць развівацца супрацоўніцтву не толькі ў гэтай галіне, але і ў іншых», - сказаў ён.