18 красавiка 2024, Чацвер, 19:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крыніца «Радыё Свабода»: У людзей, якія памерлі, пацвердзіўся свіны грып

103
Крыніца «Радыё Свабода»: У людзей, якія памерлі, пацвердзіўся свіны грып

Мінздраў адмаўляецца каментаваць выбух пнеўманіі ў Беларусі, але ўрачы сталі распавядаць, што адбываецца на самой справе.

Крыніца ў адным са шпіталёў Менска, якая прасіла не называць свайго імя, распавяла «Радыё Свабода»:

«За выходныя дні ў наш шпіталь паступіла 150 чалавек з пнеўманіяй. Нашае аддзяленне і дзве пульманалогіі цалкам забітыя. Гэта ўскладненне грыпу. У хворых, якія памерлі, пацвердзіўся свіны грып, нам так абвесцілі. Усяго памерлі чалавек дзевяць. У нас памерлі трое ці чацвёра. А астатнія – у пятым шпіталі. З ўсіх урачоў узялі падпіску аб неразгалошванні. Усе падпісаліся», - распавяла медык.

«Радыё Свабода» паспрабавала праверыць гэтую інфармацыю ў прыёмным пакоі гэтага шпіталя. На пытанне, ці праўда тое, што на выходных у шпіталь паступіла 150 чалавек з дыягназам «пнеўманія», супрацоўніца адказала: «Так, праўда. Шмат паступіла. Але я не на такой пасадзе, каб адказваць на такія пытанні». І паабяцала звязаць з галоўным урачом, аднак на працягу дня той трубку так і не ўзяў.

Супрацоўніца прэс-службы Міністэрства аховы здароўя Раіса Чудук паведаміла «Радыё Свабода»: «Вы можаце звярнуцца да нас з пісьмовым запытам, такіх дадзеных у мяне пакуль няма. Я думаю, што мы падрыхтуем прэс-рэліз і вывесім яго на сайце».

Урач, якая працуе ў шпіталі, таксама паведаміла пра іншыя праблемы, з якімі сутыкаюцца медыкі:

«Нас маскамі не забяспечваюць. Лекаў не хапае. У нас ідзе ўжо ўскладненая пнеўманія, таму выкарыстоўваем антыбіётыкі: цэптрыаксон, цэптрафасфат (усё гэта беларускія прэпараты). А імпартныя лекі вельмі дорага каштуюць, іх няма. Хворым два разы ў суткі даем вельмі вялікія дозы антыбіётыкаў», - паведаміла ўрач.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, у апошні час у байнэце сталі з'яўляцца паведамленні пра смяротныя выпадкі ў менскіх шпіталях ад свінога грыпу. Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя абвяргаюць гэтую інфармацыю. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан заявіла, што на свіны грып захварэла 59 чалавек, але эпідэміі няма.

«Зарэгістравана 59 лабараторна пацверджаных выпадкаў свінога грыпу, але выпадкаў са смяротным зыходам няма», - заявіла Качан.

Тым часам выканаўца абавязкаў дырэктара РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аляксандр Пяткевіч паведаміў, што Расея так і не паставіла ў Беларусь абяцаную вакцыну ад віруса A/H1N1.

У аптэках Менска няма нават масак, і назіраюцца перабоі з недарагімі супрацьвіруснымі сродкамі беларускай вытворчасці кшталту арпітола.

Школы Менска і шмат якіх гарадоў Беларусі закрытыя на каранцін. Паводле афіцыйнай версіі, гэта звязана з высокім узроўнем захворвання ВРВІ.

Напісаць каментар 103

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках