6 траўня 2024, панядзелак, 3:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія медыкі: «Свіны грып правакуе захворванне на смяротную форму пнеўманіі»

38

Менавіта да такой высновы прыходзяць медыкі пасля агляду памерлых ад пнеўманіі беларусаў.

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у папярэднія гады ў Беларусі ад пнеўманіі штогод памірала каля 800 чалавек. Зараз, калі ва ўсім свеце людзі хварэюць і паміраюць ад эпідэміі свінога грыпу, у Беларусі, паводле афіцыйнай версіі Міністэрства аховы здароўя, гэтай эпідэміі няма. Аднак 4 лістапада Мніздраў прызнаўся, што агулам па рэспубліцы, паводле афіцыйнай інфармацыі, выяўлена 85 выпадкаў свінога грыпу, 31 чалавек знаходзіцца ў бальніцах, 47 чалавек ужо паправіліся. У 7 з 19 пацыентаў, памерлых ад пнеўманіі, выяўлены вірус A/H1N1.

Лекар адной з менскіх паліклінік у інтэрв’ю «Еўрарадыё» заявіў, што выпадкі захворвання на пнеўманію, якія пачасціліся ў Беларусі, сталі вынікам заражэння людзей вірусам свінога грыпу.

«Гэты вірус характарызуецца менавіта тым, што дае шмат пнеўманій, ацёкаў лёгкіх ды іншых ускладненняў. Плюс ён моцна паніжае імунітэт. Ён спрыяе таму, каб падышла і напластавалася бактэрыяльная спора — і атрымліваецца змяшаная пнеўманія, якую лячыць увогуле складана», -- заяўляе лекар.

Дактары тлумачаць, у чым самая вялікая небяспека пнеўманіі.

«Праз лёгкія чалавек атрымлівае неабходны для крыві кісларод. Але падчас пнеўманіі гэты газаабмен парушаецца на тым узроўні, які неабходны арганізму. Чым большая зона запалення, тым больш пашкоджаныя тканкі лёгкіх. Падчас ацёчнасці ўсё большая частка лёгкага выключаецца з працэсу дыхання і не пастаўляе неабходную для чалавека колькасць кіслароду», -- гаворыць менскі лекар.

Паводле яе слоў, менавіта вірус свінога грыпу правакуе заражэнне такой складанай формай пнеўманіі, якая вельмі хутка прыводзіць да смерці.

«Мае знаёмыя медыкі, якія хадзілі на ўскрыццё, кажуць, што гэты вірус ператварае лёгкія нібы ў кашу — да такой ступені ён разбурае лёгкія», -- заяўляе доктар.

Ускладняецца ўсё гэта яшчэ і тым, кажа яна, што лячыць вірусныя інфекцыі дактары так і не навучыліся.

«Мы не ўмеем лячыць вірусы так, як мы, да прыкладу, умеем лячыць бактэрыяльныя інфекцыі. Няма такога прэпарату, які б добра блакаваў дзейнасць вірусаў. Той жа грып мы лечым чыста сімптаматычна. Сэнс у тым, каб яго вылечыць. Мы стараемся ўзняць імунітэт, але няма добрай доказнай базы ва ўсім свеце, што гэтыя прэпараты сапраўды выдатна лечаць», -- адзначае медык.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках