17 траўня 2024, Пятніца, 8:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аматар дыктатараў Берлусконі

40
Аматар дыктатараў Берлусконі

Падчас сустрэчы ў Менску з апошнім дыктатарам Еўропы Лукашэнкам прэм'ер-міністр Італіі наогул не ўзнімаў пытанне аб правах чалавека ў Беларусі. Не абмяркоўваліся ні праблемы свабодных выбараў, ні палітвязні, ні свабода слова.

Сільвіа Берлусконі ніколі не саромеўся працоўных кантактаў з аўтарытарнымі рэжымамі (на яго рэпутацыі і без таго шмат плямаў), і гаворка ішла выключна пра эканамічныя інтэрасы: беларускія банкі, страхавы бізнэс, нафтаперапрацоўка, хімічныя прадпрыемствы.

Візіт Берлусконі ў Менск, які завершыўся ўчора позна ўвечары, планаваўся кароткім — усяго на тры гадзіны. Праўда, дзіўна, як італьянскі прэм'ер наогул знайшоў час для гэтай бліцпаездкі, калі ў Італіі ён уцягнуцы адразу ў тры судовыя працэсы. Два звязаныя з пікантнымі падрабязнасцямі яго асабістага жыцця, а адзін носіць крымінальны характар (абвінавачванне ў сувязях з мафіяй) і рэальна можа паставіць крыж на кар'еры гэтага, здавалася, непатапляльнага палітыка.

Між тым гэтая кароткая працоўная паездка Берлусконі стала першым за апошнія 15 гадоў візітам у Беларусь аднаго з заходніх лідэраў. Пасля таго як Брусэль замарозіў візавыя санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, у беларускага дыктатара з'явілася магчымасць самому ездзіць у ЕЗ (увесну ён гасцяваў у Італіі ў таго ж Берлусконі), ды і чыноўнікі Еўракамісіі самі сталі часам наведваць Менск. Аднак кіраўнік заходнееўрапейскай дзяржавы (да таго ж з «вялікай сямёркі») у краіну прыехаў упершыню.

Эксперты лічаць, што гаворка, магчыма, магла б пайсці пра нейкае новае пацяпленне стаўлення ЕЗ да Лукашэнкі, калі б не адна акалічнасць — калі б на месцы Сільвіа Берлусконі быў які-небудзь іншы еўрапейскі лідэр. Італія традыцыйна супрацоўнічала з рознымі дзяржавамі з непаўнавартаснымі дэмакратыямі, да таго ж Берлусконі на працягу тыдня пойдзе пад суд, і на фоне яго праблемаў на радзіме сустрэча з дыктатарам Лукашэнкам ўжо ніяк не нашкодзіць яго палітычнай рэпутацыі, упэўненыя эксперты.

«Важна і тое, што Берлусконі мае вельмі цёплыя адносіны з кіраўніцтвам Расеі, таму яго кантакты з Лукашэнкам не будуць успрынятыя ў Маскве як варожы выпад, спроба перацягнуць Менск у арбіту Захаду», — заявіў у інтэрв'ю «РБК daily» дырэктар Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў ДУ-ВШЭ Цімафей Бардачоў.

Апытаныя эксперты салідарныя: Берлусконі прыехаў у Менск лабіяваць інтэрасы італьянскага капіталу.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што Берлусконі ажыццяўляе ў Менску палітыку еўрапейскага прагматызму, а не еўрапейскіх каштоўнасцяў. Лябедзька раней меў магчымасць асабіста сустрэцца і пагаварыць з Сільвіа Берлусконі і мае сваё меркаванне пра яго персону:

«Берлусконі – эпатажны палітык. Па чалавечых якасцях ён чымсьці нават падобны на Аляксандра Лукашэнкі, таксама схільны да палітычнага авантурызму. На маю думку, да нас прыехаў лідэр адной з краінаў Еўрапейскага Звяза, але палітык-бізнэсмэн. Для Берлусконі ўсё з'яўляецца таварам, які мае свой кошт, у тым ліку і еўрапейскія каштоўнасці. Я выключаю, што падчас дыялогу з Лукашэнкам ён паставіў пытанне пра свабодныя выбары ў Беларусі. Гэта яго не цікавіць. Не казаў ён і пра свабоду СМІ ў Беларусі, у яго ад сваіх СМІ галава баліць», -- заявіў Лябедзька ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Палітолаг Андрэй Фёдараў таксама не лічыць візіт Берлусконі нейкім прарывам у адносінах Беларусі і Захаду:

«Еўразвяз – гэта не тая арганізацыя, у якой адзін чалавек, нават лідэр такой уплывовай краіны як Італія, можа прымаць нейкія рашэнні. Тым больш, мы ведаем, што Берлусконі даволі экстравагантны чалавек, і ў яго краіне ў яго ёсць пэўныя праблемы, звязаныя з гэтым. Такім чынам, я лічу, што прынцыпова ў адносінах з Захадам нічога не зменіцца. Не варта чакаць, што пасля прыезду Берлусконі іншыя заходнія лідэры ўключаць Менск у свае планы паездак. Астатнія будуць больш астрожнымі. Тое, што санкцыі ЕЗ падоўжаныя, сведчыць аб тым, што Еўразвяз насцярожана ставіцца да таго, што тут адбываецца», - адзначыў эксперт у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках