10 чэрвеня 2026, Серада, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Агнешка Рамашэўская: Рэгістрацыя «Белсата» – гэта зачараванае кола

5

10 снежня спаўняецца два гады з дня выхаду ў эфір тэлеканала «Белсат», які ў Беларусі дагэтуль з'яўляецца забароненым.

«Белсат» быў створаны ў 2007 годзе ў межах польскага грамадскага тэлебачання. Галоўная задача тэлеканала – даваць грамадзянам Беларусі аб'ектыўную інфармацыю пра падзеі ў краіне, Еўропе і свеце. Аднак за гэтыя два гады беларускае Міністэрства замежных справаў так і не акрэдытавала «Белсат». А 9 снежня тэлеканалу было адмоўлена ў рэгістрацыі ў чарговы раз.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская заявіла, што пры акрэдытацыі замежных СМІ беларускія ўлады зыходзяць з падвойных стандартаў.

«Гэта канчатковая адмова. Яна канчатковая на сённяшні дзень, я б так сказала. У дакуменце ўзгадваецца праца журналістаў, беларускіх грамадзянаў, якія нібыта працавалі для «Белсата» без акрэдытацыі і атрымалі так званыя «папярэджанні». Але гэты аргумент не вельмі паслядоўны – таму што іншыя СМІ паводзілі сябе гэткім жа чынам, але акрэдытацыю атрымалі. Трэба разумець, закон – не роўны для ўсіх у гэтым выпадку. Ну і гэтая адмова стварае зачараванае кола. Нашыя супрацоўнікі, у якіх мы, напрыклад, купляем відэафільмы, – я іх не магу назваць нашымі працаўнікамі, таму што яны фармальна не працуюць на «Беласате», – працуюць, як працуюць, таму што не могуць працаваць непасрэдна на нас. Гэта звязана з тым, што мы не маем рэгістрацыі ў Беларусі і не можам звярнуцца па акрэдытацыю для іх. Таму працуем без акрэдытацыі. А калі мы працуем без яе, нам кажуць, што мы не можам атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі. Кола замыкаецца», -- кажа дырэктарка «Белсата».

Агнешка Рамашэўская не выключае, што пасля адмовы ў акрэдытацыі беларускія ўлады будуць зноў праводзіць ператрусы, затрыманні, арышты супрацоўнікаў «Белсата». Аднак, на думку дырэктаркі тэлеканала, гэта будзе кампраметаваць іх заявы пра дэмакратызацыю.

«Такая пагроза існуе ўвесь час, але я думаю, што яна – малаверагодная, -- заяўляе Рамашэўская. -- Сёння міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які наведаў наш офіс, сказаў калектыву «Белсата», што ўчора ён размаўляў на тэму акрэдытацыі з міністрам замежных справаў Беларусі і даў яму зразумець, што было б вельмі пажадана зрабіць крок наперад у гэтай праблеме. Я спадзяюся, што, калі беларускія ўлады будуць падтрымліваць так званы курс на лібералізацыю, яны не будуць арыштоўваць і абмяжоўваць журналістаў. Таму што гэта цалкам кампраметавала б іх заявы пра дэмакратызацыю ці нават лібералізацыю».

Рамашэўская заяўляе, што тэлеканал «Белсат» будзе зноў спрабаваць атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках