18 траўня 2024, Субота, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франаку Вячорку пагражаюць у арміі крымінальнай справай

4

На гвалтоўна прызванага ў армію лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячорку ўзмацніўся ціск у вайсковай частцы.

Моладзеваму лідэру пагражаюць крымінальнай справай за вядзенне інтэрнэт-дзённіка на партале naviny.by. Нібыта ён у сваіх нататках пра салдацкія будні паведаміў інфармацыю «дзяржаўнай важнасці» - напрыклад, пра тое, што гадамі не рамантуецца салдацкі душавы пакой.

Калі раней на Вячорку спрабавалі аказваць псіхалагічны ціск палітрукі, дык зараз да іх далучылася камандаванне батальёна: камандзір падпалкоўнік І.Лябедка і начальнік штаба маёр В.Капыловіч. Абодва нядаўна вярнуліся з нарады ў штабе брыгады ў Баранавічах, піша сайт Партыі БНФ.

І.Лябедка перад салдатамі заявіў, што супраць Франака Вячоркі за яго «Армейскі дзённік» можа быць узбуджаная крымінальная справа, хаця не змог патлумачыць, за што і па якім артыкуле. Капыловіч, які некалькі дзён таму забраў з пакоя адпачынку незалежную прэсу, назваў яе «антыдзяржаўнай» і «забароненай ва ўзброеных сілах». За наяўнасць незалежных газетаў у пакоі адпачынку Ф.Вячорка быў пакараны – пазбаўлены звальненняў. Гэта ўжо трэцяе палітычна матываванае пакаранне салдата за апошні тыдзень.

Незалежныя газеты «Беларусы і рынак», «Газета Слонімская», «Народная воля», «Наша ніва» і «Новы час», якія пасля незаконнага прызыву Франака Вячоркі сталі прыходзіць у частку, чыталі і салдаты, і афіцэры. Але апошняя пошта на імя Франака Вячоркі прыйшла ў распячатаных канвертах, а газету «Наша ніва» адтуль дасталі.

Як ужо паведамлялася, камандаванне ваеннай часткі, дзе служыць Франак Вячорка, пакарала яго двума нарадамі па-за чаргой. Малады чалавек пазбаўлены звальненняў і сам не можа распавесці пра падзеі, якія адбыліся літаральна некалькі дзён таму.

Яго бацька, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка абураны тым, што маладога чалавека спрабуюць цалкам ізаляваць ад грамадства, пазбавіўшы не толькі кантактаў са сваякамі і сябрамі, але таксама і крыніцаў інфармацыі.

«Начальнік штаба батальёна маёр Капыловіч заявіў Франаку, што незалежная прэса – антыдзяржаўная, і яе чытанне і знаходжанне ва ўзброеных сілах забароненае», - кажа Вінцук Вячорка.

Акрамя таго, у Франака Вячоркі быў ізноў зафіксаваны несумяшчальны са службай у арміі ў мірны час крывяны ціск - пасля шматлікіх зваротаў малады чалавек, у выніку, быў дастаўлены ў шпіталь Мазыра. Аднак ультрагукавое абследаванне сэрца належным чынам так і не было праведзена.

Сітуацыю каментуе бацька палітычнага прызыўніка Вінцук Вячорка:

«Раней я казаў, што не маю прэтэнзіяў да ваеннай часткі, у якую патрапіў пасля незаконнага прызыву сын. Потым я даведаўся, што спадчыннікі энкэвэдзістаў рукамі спадчыннікаў бальшавіцкіх палітрукоў спрабавалі ініцыяваць абструкцыю ў адрас Франака з боку іншых салдатаў. Намякалі, што тыя не атрымаюць добрай характарыстыкі для службы ў міліцыі ці па кантракце, калі будуць з ім мець стасункі. Дзякуй Богу, салдаты - нармальныя хлопцы, і з лагерных выдумак палітрукоў нічога не атрымалася.

Цяпер ужо камандаванне батальёна спрабуе запалохваць Франака нейкай крымінальнай справай – невядома за што. Мала таго, што непрыдатнага да службы па медыцынскіх паказчыках чалавека гвалтоўна, з збіццём і кайданкамі, забралі ў армію, дык яшчэ і ў самой арміі яго спрабуюць ламаць? Калі армейскія афіцэры наступаюць на горла ўласнай годнасці і згаджаюцца быць саўдзельнікамі брудных справаў спецслужбаў, нашая рэакцыя будзе адпаведнай.

Характэрна, што інаўгурацыя «Усходняга партнёрства» для Беларусі адзначаная новай хваляй ціску на палітычных прызыўнікоў».

Паводле інфармацыі «Радыё Свабода», іншаму гвалтоўна прызванаму ў армію моладзеваму актывісту Змітру Хведаруку таксама забаранілі чытаць у арміі незалежную «Нашу Ніву», - адзначыў палітык.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках