Сяргей Скрабец: «Мы павінны перамагчы у сабе страх і адкрыта процістаяць рэжыму»
2- 4.05.2009, 15:09
Старшыня аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Свабода» Сяргей Скрабец мае намер удзельнічаць у галадоўцы у падтрымку Мікалая Аўтуховіча, нягледзячы на тое, што дагэтуль не паправіўся ад папярэдняй.
Сяргей Скрабец - грамадзкі рэдактар «Радыё Свабода» гэьтага тыдня, ён зьяўляўся дэпутатам «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі другога скліканьня, узначальваў апазыцыйную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Двойчы ўдзельнічаў у калектыўных галадоўках – летам 2004 году такім чынам пратэставаў супраць адмовы кіраўніцтва «палаты» вынесьці на разгляд папраўкі ў выбарчае заканадаўства, а вясной мінулага году – падтрымліваў палітвязьняў у беларускіх турмах.
Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Скрабца зьвінавацілі ў вымантачваньні крэдытаў і асудзілі на два з паловай гады зьняволеньня. Незалежныя аналітыкі і праваабаронцы назвалі той прысуд палітычна матываваным. На знак пратэсту супраць вылучаных абвінавачаньняў правёў чатыры галадоўкі, адна зь якіх цягнулася 40 дзён. Праз паўтара году зьняволеньня выйшаў на волю.
«10 сакавіка мінулага году я з сваім братам Аляксандрам пачаў бестэрміновую галадоўку дзеля таго, каб зьвярнуць увагу сусьветнай грамадзкасьці на тое, што ў беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца палітзьняволеныя. Тады мы патрабавалі вызваліць Казуліна, Кіма і Парсюкевіча», - узгадвае палітык.
Ён зазначае, што цяпер гэтыя людзі на волі - аднак іхныя месцы занялі новыя палітзьняволеныя.
«І адзін зь іх – Мікалай Аўтуховіч – вось ужо трэці тыдзень галадуе, змагаючыся такім чынам за сваю свабоду. Тады, год назад, ён рашуча падтрымаў нашую галадоўку. Цяпер праводзіць акцыю ў адзіноцтве. На жаль, ніякай відавочнай, значнай рэакцыі грамадзтва Беларусі з гэтай нагоды ня бачна.
Можна назваць тысячы прычын, якія тлумачаць тое. Напрыклад, сусьветны крызіс. Людзі запужаныя і баяцца страціць працу. Напрыклад, страх за сваіх блізкіх. Што іх таксама пачнуць прэсаваць, як некалі маіх родных, беларускія спэцслужбы. Ці чуеш: гэткім чынам, маўляў, нічога не зьмяніць – усё адно Аўтуховіч будзе сядзець, а Лукашэнка – кіраваць вечна. А насамрэч сапраўдная прычына тут у іншым – у раўнадушшы: мая хата з краю, мяне гэта ня тычыцца…», - зазначае Сяргей Скрабец.
І вось тут – грамадзкая памылка, перакананы апазыцыянэр, бо ахвярай рэжыму можа стацца кожны.
«У таталітарным грамадзтве працуюць зусім іншыя законы. У выніку калі-небудзь судовы выканаўца пагрукае і ў вашыя дзьверы. Чарга дойдзе да ўсіх. Нездарма Дзяржынскі гаварыў: «Тое, што вы не сядзіце – ня вашая заслуга. Гэта – наша недапрацоўка»…
Страшна, канечне, і тое, што сёньня ня першая галадоўка Аўтуховіча. У турэмных умовах кожная наступная такая акцыя праходзіць з больш цяжкімі наступствамі для арганізму. Жудасная таксыкацыя пачынаецца ўжо зь першага тыдня галадоўкі. І стан такі, нібыта ты галадуеш ужо больш за месяц. Патрабуецца неверагодная мужнасьць і сіла духу, каб трымацца ў такіх умовах», - кажа старшыня аргкамітэту Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Свабода».
«Мне складана нешта параіць Мікалаю цяпер, бо гэта ягоны выбар. Магу пажадаць толькі мужнасьці і стойкасьці. Ну, а нашаму беларускаму балоту ў выглядзе своеасаблівага вострава грамадзянскай супольнасьці можна толькі паспачуваць. Тэарэтычна лёс Яны Паляковай чакае кожнага з нас, калі мы не пераможам у сабе страх і ня будзем адкрыта процістаяць дзейнаму рэжыму.
Дадам: калі ўсё ж у краіне зноў пачнецца ланцуговая галадоўка у падтрымку Мікалая Аўтуховіча, я буду сярод яе ўдзельнікаў. Нягледзячы на тое, што не паправіўся ад апошняй дагэтуль…», - падкрэсьлівае Сяргей Скрабец.
Нагадаем, сёньня вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы абвесьцілі галадоўку ў падтрымку актывістаў прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонова і Ўладзіміра Асіпенку, якія былі затрыманымі 8 лютага 2009 года і ўтрымліваюцца ў менскім СІЗА №1. 16 красавіка Аўтуховіч абвесьціў безтэрміновую галадоўку.
Праваабаронцы лічаць арыштаваных палітычнымі зьняволенымі, зьвяртаючы ўвагу на тое, што Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў раней ужо былі зьмешчанымі ў вязьніцу, і тады міжнародная супольнасьць прызнала іх вязьнямі сумленьня.