Звольненыя з працы актывісты апазіцыі абвесцілі галадоўку пратэсту
3- 1.07.2009, 13:54
Жыхары Гарадзенскай вобласці Аляксандр Жыткевіч і Леанід Аўтухоў пайшлі на гэты крок, калі страцілі надзею на працаўладкаванне з-за сваіх палітычных перакананняў.
Дэмакратычныя актывісты ўпэўненыя, што адмовы ўзяць іх на працу звязаныя з тым, што кіраўнікоў мясцовых арганізацыяў папярэджваюць пра іх палітычную «нядобранадзейнасць», паведамляе сайт spring96.org.
Першым галадоўку абвесціў былы фельчар-стаматолаг Аляксандр Жыткевіч, у якога ўзніклі праблемы на працы пасля таго, як ён прыняў удзел у леташніх «парламенцкіх выбарах» у якасці назіральніка.
«Мне 24 гады, і я вырашыў паглядзець, што такое выбары знутры, -- распавядае Аляксандр Жыткевіч, які з 30 чэрвеня трымае галадоўку. -- Зарэгістраваўся незалежным назіральнікам, падтрымліваў кандыдата ў дэпутаты «парламента» Леаніда Аўтухова, кіраўніка раённай філіі Партыі БНФ. Мне адразу ж прыдумалі мянушку «бэнээфовец», хаця на той час я быў беспартыйны. І кіраўнік Бычыхінскага ФАПа, дзе я працаваў, мяне папярэдзіў: будуць у цябе, хлопец, праблемы. Але я нічога не баяўся, пакуль праз два тыдні пасля выбараў у «Кнізе скаргаў» не з'явіўся запіс, што я нібыта браў з пацыентаў незаконную плату».
Суд вынес рашэнне на два гады пазбавіць Аляксандра Жыткевіча права займацца прафесійнай дзейнасцю і прысудзіў яму тры гады абмежавання волі. Толькі гэтая акалічнасць прымусіла маладога чалавека праводзіць галадоўку дома - ён не мае права пакідаць сваё месца жыхарства больш чым на две гадзіны ў суткі.
«Інакш я бы галадаў у Гарадку каля райвыканкама, -- працягвае Аляксандр Жыткевіч. -- Таму што за тры тыдні я атрымаў чатыры адмовы ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, куды прасіўся хаця б на самую нізка кваліфікаваную працу. Я гатовы стаць і пастухом, толькі б зарабляць хоць нейкія грошы! Таму што я сірата, выхоўваўся ў інтэрнаце, і як толькі пачаў працаваць, узяў у банку крэдыты на самае неабходнае - мэблю, халадзільнік. У мяне ж ніколі нічога свайго не было. І вось цяпер я павінен і «Беларусбанку», і за кватэру, і за ацяпленне. А ў гаманцы - толькі 120 рублёў! Так што ў мяне засталася альтэрнатыва: ці абвясціць галадоўку пратэсту, таму што есці няма чаго, ці адразу скончыць жыццё самагубствам».
Крымінальны пераслед, прысуд і тое, што цяпер яго не бяруць на працу, Аляксандр Жыткевіч тлумачыць адной прычынай: у асабістай гутарцы адзін з кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства прызнаўся, што не возьме яго ў штат не таму, што ён «крымінальнік», а таму што «апазіцыянер».
У падобнай сітуацыі апынуўся і Леанід Аўтухоў, кіраўнік раённай філіі Партыі БНФ, які далучыўся да галадоўкі ўдзень 30 чэрвеня.
«Я проста абавязаны падтрымаць Жыткевіча, таму што гэты хлопец дапамагаў мне на выбарах, -- кажа Леанід Аўтухоў. -- Вядома, што апазіцыянераў у «парламент» не ўзялі, я застаўся ў Гарадку, а Аляксандр падаў заяву на ўступленне ў нашую партыю. Яго пратэст супраць пазбаўлення права на працу я таксама цалкам падзяляю: сам спрабаваў уладкавацца ў розныя месцы сем разоў. Атрымлівалася так: пакуль даязджаю з Цэнтра занятасці да прадпрыемства, вакансіі аказваюцца занятымі. Спачатку думаў, што гэта супадзенне, але потым зразумеў: не, гэта сістэма!»
Пра пачатак галадоўкі Аляксандр Жыткевіч напісаў у раённы Цэнтр занятасці, а Леанід Аўтухоў пакінуў запіс у «кнізе скаргаў» Гарадоцкага райвыканкама пра тое, што Цэнтр занятасці не можа гарантаваць яму працаўладкаванне, таму што чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў дзейнічаюць у змове.
У цяперашні час на балконе кватэры Аляксандра Жыткевіча ў вёсцы Быкі, дзе сабраліся галадаць апазіцыянеры, прымацаваны бел-чырвона-белы сцяг і плакат «Галадоўка». Удзельнікі акцыі пратэсту тлумачаць, што пра яе павінны ведаць людзі, інакш праблемы з працаўладкаваннем так і застануцца нявырашанымі.