13 чэрвеня 2026, Субота, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ не тлумачыць прычыны пераследу журналістаў

9

Кіраўнік упраўлення КДБ па Гарадзенскай вобласці Ігар Сергіенка адмаўляецца тлумачыць прычыны вынясення афіцыйнага папярэджання журналісту Яну Роману.

Як паведамляе «Радыё Рацыя», дзеянні сваіх падначаленых Ігар Сергіенка лічыць законнымі.

Пасля атрымання афіцыйнага папярэджання Ян Роман з дапамогаю юрыстаў Беларускай асацыяцыі журналістаў звярнуўся з лістом на імя начальніка ўпраўлення КДБ па Гарадзенскай вобласці і запатрабаваў патлумачыць, на якой падставе супраць яго праводзіліся аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы, і чаму супрацоўнікі КДБ лічаць, што ён падае няпэўную інфармацыю замежным сродкам масавай інфармацыі, «дыскрэдытуючы» такім чынам Рэспубліку Беларусь.

Ян Роман прасіў даць адказ на прыкладзе канкрэтных артыкулаў. Аднак кіраўнік гарадзенскага КДБ праігнараваў патрабаванні журналіста і папярэдзіў, што працяг дзейнасці журналіста можа прывесці да здзяйснення злачынства. Таксама Сергіенка паведаміў, што Ян Роман можа звярнуцца ў суд у выпадку нязгоды з такім адказам.

Журналіст лічыць, што дадзены адказ з’яўляецца ігнараваннем беларускага закандаўства і праяваю непавагі да грамадства з боку кіраўніка ўпраўлення КДБ Ігара Сергіенкі.

«У адказе кіраўнік КДБ па Гарадзенскай вобласці паведаміў мне, што супраць мяне аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы не праводзіліся, -- кажа Ян Роман. -- Аднак у тэксце афіцыйнага папярэджання, якое знаходзіцца на інтэрнэт-старонцы КДБ, сказана, што супрацоўнікі дзяржаўнай установы, згодна з атрыманымі своечасова падчас аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў дадзенымі, выявілі, што я супрацоўнічаю з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі і падаю ім няпэўныя дадзеныя».

Нагадаем, што журналіст атрымаў афіцыйнае папярэджанне КДБ аб недапушчальнасці незаконных дзеянняў у красавіку бягучага года. Па меркаванні супрацоўнікаў КДБ, Ян Роман неаднаразова падаваў замежным СМІ «няпэўную і тэндэнцыёзную інфармацыю» пра сацыяльна-эканамічную, палітычную сітуацыі ў Беларусі. Згодна з беларускім Крымінальным кодэксам, у дачыненні да журналіста можа быць узбуджаная крымільная справа па артыкуле «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках