У Гомелі судзяць кіраўніка суполкі «Сведкі Іеговы»
53- 12.08.2009, 10:01
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць Юрыя Рашэтнікава — кіраўніка рэлігійнай суполкі «Сведкі Іеговы».
Яго абвінавачваюць у «арганізацыі рэлігійнага масавага мерапрыемства» з парушэннем вызначанага парадку, паведамляе «Радыё Свабода».
Сведкамі на судовым працэсе выступалі супрацоўнікі ідэалагічнага і жыллёва-камунальнага аддзелаў ЖКГ адміністрацыі Чыгуначнага раёна.
Юры Рашэтнікаў віны не прызнае. Ён патлумачыў, што ўдзельнічаў у сустрэчы аднадумцаў, на якой прыстунічалі, у тым ліку, і чальцы суполкі «Сведкі Іеговы». Арганізатарам сустрэчы, паводле яго словаў, ён не з'яўляўся, а прысутнічаў як адзін з удзельнікаў. Размовы вяліся на самыя розныя тэмы, у тым ліку і пра Біблію. Удзельнік сустрэчы ўдакладніў у судзе адну з тэмаў гутаркі: «Чаму прымяненьне біблейскіх прынцыпаў карыснае для шлюбу?»
Нагадаем, што 21 ліпеня міліцыя гвалтам абшукала прыватны дом, дзе сабраліся вернікі і прыхільнікі нэапратэстанцкай рэлігійнай суполкі «Сведкі Іеговы». Супрацоўнікі міліцыі пералезлі праз плот, адчынілі браму і зайшлі на панадворак. Кіраваў аперацыяй маёр міліцыі Дзмітры Бондараў. Санкцыю на ператрус выдала пракуратура Чыгуначнага раёна.
Удзельнікі сустрэчы адмовіліся пускаць міліцыянтаў у прыватны дом без яго ўладальніка. Але міліцыянты выклікалі мясцовых супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сітуацыяў і з дапамогай «баўгаркі» распілавалі замок і ўвайшлі ў дом. Яны забралі музычную апаратуру і склалі супраць Юрыя Рашэтнікава пратакол пра парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.
12 жніўня, суддзя Віталь Козыраў абвесціць рашэнне па адміністрацыйнай справе супраць Рашэтнікава.