За пераслед апазіцыі Еўразвяз пашырыў санкцыі супраць М’янмы
1- 14.08.2009, 14:55
ЕЗ прыняў рашэнне пашырыць санкцыі пасля таго, як у М’янме быў вынесены новы абвінаваўчы прысуд лідэру апазіцыі Аунг Сан Су Чжы.
Як паведамляе «Нямецкая хваля», Еўразвяз падоўжыў ужо дзейсную забарону на ўезд у краіны ЕЗ для членаў ваеннай хунты М’янмы. Таксама ЕЗ падоўжыў санкцыі на замарожванне банкаўскіх рахункаў. Зараз гэтая санкцыя распаўсюджваецца і на прадстаўнікоў органаў юстыцыі, якія нясуць адказнасць за вынясенне прысуду Аунг Сан Су Чжы, паведаміла ў чацвер, 13 жніўня, Рада міністраў ЕЗ у Брусэлі.
Акрамя таго, замарожваюцца банкаўскія рахункі тых прадпрыемтваў, якія належаць членам ваеннай хунты ці кантралююцца імі.
Новыя санкцыі з’яўляюцца рэакцыяй ЕЗ на рашэнне суду ў М’янме прысудзіць 64-гадовую Аунг Сан Су Чжы да паўтара год хатняга арышту. Спачатку суд прызначыў лідэру апазіцыі пакаранне ў выглядзе 3 год пазбаўлення свабоды, аднак гэты прысуд быў адразу зменены на паўтара гады хатняга арышту.
Еўрапейскі Звяз назваў прысуд несправядлівым і запатрабаваў неадкладнага вызвалення Аунг Сан Су Чжы.
Еўразвяз першапачаткова ўвёў санкцыі супраць ваеннай хунты М’янмы яшчэ ў 1996 годзе. Тэрмін іх дзеяння ўжо неаднаразова падаўжаўся. Апроч забароны на ўезд у краіны ЕЗ і замарожвання рахункаў, санкцыі прадугледжваюць таксама абмежаваныя дыпламатычныя адносіны і эмбарга на пастаўку ўзбраенняў.
Апроч гэтага, сваю абуранасць адносна прысуду апазіцыянерцы выказалі сусветныя лідэры. Як паведамляе «Бі-Бі-Сі», Прэзідэнт ЗША Барак Абама заклікаў неадкладна і безумоўна вызваліць Аун Сан Су Чжы.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Гордан Браун заявіў, што ён засмучаны і абураны рашэннем бірманскага суда.
Браун назваў працэс над Аун Сан Су Чжы ганебным і падкрэсліў, што ваенныя ўлады Бірмы такім чынам паказалі поўнае грэбаванне меркаваннем міжнароднай супольнасці і прынятым ў свеце стандартам вяршэнства закона.
Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан зазначыла, што Аун Сан Су Чжы не павінны былі судзіць. Яна таксама заклікала да вызвалення Джона Йетта і яшчэ «больш за дзве тысячы палітычных вязняў».
«Бірманская хунта мусіць неадкладна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да такой вялікай колькасці жыхароў сваёй краіны, распачаць дыялог з апазіцыяй і прадстаўнікамі розных этнічных груп, - сказала Клінтан. – У адваротным выпадку выбары, якія прызначаны на будучы год, не будуць легітымнымі».
Арганізацыя Amnesty International назвала решэнне суда «ганебным» палітычным тэатрам.