Еўрапарламент зацвердзіў Барозу на другі тэрмін
- 16.09.2009, 14:16
Еўрапарламент 16 верасня зацвердзіў кандыдатуру Жазэ Мануэля Барозу ў якасці старшыні Еўракамісіі – вышэйшага выканаўчага органа Еўразвяза.
Як паведамляе Lenta.ru са спасылкай на AFP, Барозу, які займае гэтую пасаду з 2004 года, застаецца на другі тэрмін. У чэрвені гэтага года яго кандыдатуру адзінагалосна падтрымалі лідэры ўсіх краін, што ўваходзяць у Еўразвяз. Іншых кандыдатаў на гэты пост яны не разглядалі.
Сам Барозу раней назваў асноўныя напрамкі сваёй працы падчас другога тэрміну. Да іх ён аднёс сумесную працу еўрапейскіх краін па скарачэнні выкідаў углекіслага газу і барацьбу з наступствамі крызісу, у прыватнасці, аднаўленне эканамічнай стабільнасці.
Жазэ Мануэль Барозу быў адным з аўтараў еўрапейскага праекта антыкрызісных мер. З самага пачатку эканамічнага крызісу ён настойваў на тым, каб адным з крокаў урадаў еўрапейскіх краін стала скарачэнне выдаткаў на сацыяльнае забеспячэнне.
Еўракамісія складаецца з 27 камісараў, кожны з якіх прадстаўляе адну з уваходзячых у Еўразвяз краін (Барозу з’яўляецца прадстаўніком Партугаліі). Спачатку зацвярджаецца кандыдатура старшыні, а пасля, з яго ўхвалы, поўны склад Еўракамісіі.