10 чэрвеня 2026, Серада, 22:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Правячая кааліцыя Нарвегіі перамагла на выбарах

Тры правячыя левацэнтрысцкія партыі – сацыял-дэмакратычная Працоўная партыі, Левая сацыялістычная партыя і партыя Цэнтра – атрымалі ў Стортынгу большасць мандатаў – 86 з 169.

Найбуйнейшай у правячай кааліцыі застаецца Працоўная партыя, якая сабрала на момант падліку 98% галасоў 35,%.

Апазіцыя, прадстаўленая ў Нарвегіі чатырмя партыямі – Партыяй кансерватараў, Хрысціянскай народнай партыяй, Ліберальнай партыяй і партыяй Прагрэсу, атрымала 83 мандаты.

Найбуйнейшай з іх, як і па выніках выбараў 2005 года, застаецца партыя Прагрэсу, за якую прагаласавала 22,9% выбаршчыкаў.

«Мы правялі добрую выбарчую кампанію і задаволеныя поспехам. Спадзяемся, што вынікі падліку галасоў застануцца нязменнымі і ў «чырвона-зялёнай» кааліцыі будзе большасць галасоў», - сказаў прэм’ер-міністр Йенс Столтэнберг, падчас выступу перад выбаршчыкамі на момант падліку больш за 90% галасоў.

Каментуючы вынікі выбараў гэтага года, нарвежскія СМІ пішуць, што іх вынікі можна лічыць гістарычнымі, бо ўпершыню за 16 гадоў нарвежцы выказалі давер раней абранаму ўраду і яго выбралі ў другі раз.

Другой асаблівасцю выбараў стала тое, што іх вынікі было вельмі складана прадказаць з-за невялікага разрыву паміж блокамі ў апытаннях грамадскага меркавння, што праводзіліся напярэдадні, а таксама падчас самога падліку галасоў выбаршчыкаў.

Перадвыбарчыя дэбаты ў Нарвегіі тычыліся, перадусім, пытанняў грамадскага дабрабыту – развіцця аховы здароўя, школьнай адукацыі, экалогіі, шляхоў фінансавання сацыяльнай сферы, развіцця сістэмы дагляду за састарэлымі.

Паводле словаў многіх прыхільнікаў сацыял-дэмакратычнай Працоўнай партыі, адной з заслуг урада, які яна ўзначальвае, стала змякчэнне ў краіне эфектаў міжнароднага фінансавага крызісу.

Сярод іншых заслуг урада ўзгадваецца тое, што беспрацоўе ў краіне застаецца адным з самых нізкіх у Паўночнай Еўропе – каля 3%.

Яўка выбаршчыкаў сёлета склала каля 72%. Па выніках выбараў, што адбыліся ў 2005 годзе, у парламент Нарвегіі Стортынг трапілі сем партый, найбуйнейшай з якіх стала сацыял-дэмакратычная Працоўная партыя, якая набрала 32,7% галасоў. За ёй ішла буржуазная партыя Прагрэсу з 22,1% галасоў выбаршчыкаў.

Выбары ў Стортынг традыцыйна праходзяць у 19 выбарчых акругах кожныя чатыры гады з выкарыстаннем прапарцыйнай выбарчай сістэмы, калі размеркаванне мандатаў паміж партыямі адбываецца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў.

У нарвежскім парламенце засядае агулам 169 дэпутатаў, 150 з якіх абіраюцца па партыйных спісах ад губерній (фюльке) і астатнія 19 атрымліваюць так званыя «ўраўняльныя» мандаты.

Стортынг з’яўляецца найвышэйшым палітычным органам улады Нарвегіі з часоў увядзення парламентарызму ў 1884 годзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках