21 траўня 2024, aўторак, 0:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Крапівенскім полі знайшлі «міну»: удзельнікаў фэсту масава арыштоўвалі

26

Міліцыя затрымала каардынатара фэсту «Аршанская бітва», актывістаў апазіцыі і журналістаў.

У ноч з 5 на 6 верасня недалёка ад Оршы павінен быў прайсці традыцыйны фэст «Аршанская бітва». Фэст традыцыйна праходзіць на Крапівенскім полі, гістарычным месцы Аршанскай бітвы, якая адбылася ў 1514 годзе і скончылася перамогай войска Вялікага Княства Літоўскага над расейскім войскам. Міліцыя, аднак, заявіла, што на месцы правядзення фэсту знойдзеная міна і людзей туды не пусцілі.

Што за міна і адкуль яна ўзялася, супрацоўнікі міліцыі паведамляць адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што гэта канфідэнцыйныя звесткі. Міліцэйскія машыны дзяжурылі амаль на кожным скрыжаванні на дарозе з Оршы да вёскі Гацькаўшчына.

Напярэдадні міліцыя затрымала каардынатара фэсту Юрыя Копціка, карэспандэнта «Белсата» Івана Шульгу і некалькі актывістаў моладзевых арганізацыяў. Прычынай затрымання міліцыянты назвалі наяўнасць у іх машыне электрагенератара – быццам бы напярэдадні якраз пачасціліся выпадкі іх выкрадання.

Пад Оршай супрацоўнікамі міліцыі былі таксама затрыманыя ўдзельнікі фэсту «Аршанская бітва» Паліна Сцепаненка, Віктар Траццякоў, Ларыса Шчыракова, Алесь Кажэмяка і іншыя. Міліцыянты заявілі, што прычынай затрымання стала адсутнасць у маладых людзей флікераў і пашпартоў.

Як паведаміла Ларыса Шчыракова, яе і яшчэ 10 чалавек супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў 20.10 каля вёскі Крапіўна, абвінавацілі ў адсутнасці флікераў, пасадзілі ў аўтазак і павезлі ў Оршу.

У райаддзеле міліцыі на маладых людзей склалі адміністрацыйныя пратаколы за адсутнасць флікераў, таксама забралі музычную апаратуру, якая мелася, пратрымалі ў міліцыі каля двух гадзінаў, а затым ізноў пасадзілі ў аўтазак і завезлі на станцыю Коханава.

«Нас адпусцілі на гэтай станцыі каля апаўначы і прапанавалі чакаць там да пяці раніцы электрычку на Воршу. Гэта быў проста нейкі бандытызм — людзей гвалтоўна пасадзілі ў аўтазак і завезлі сярод ночы на нейкі паўстанак, не маючы на гэта ніякіх падставаў! Нам прыйшлося сярод ночы дабірацца аўтаспынам да месца фэсту, зрэшты, мы туды ўсёткі патрапілі, нягледзячы на ўсе перашкоды. Але такія дзеянні міліцыі — гэта проста бязмежжа, яны дзейнічаюць як бандыты», — пракаментавала Шчыракова.

Гамяльчанка Марыя Тульжанкова паведаміла БелаПАН, што яе з сябрамі, якія падарожнічалі аўтаспынам да месца фэсту, на трасе за Оршай неаднаразова спынялі міліцыянты, правяралі пашпарты, праводзілі дагляд асабістых рэчаў на падставе, што маладыя людзі могуць несці «колючыя і рэжучыя прадметы». З праблемамі, але ў іх усё жа атрымалася патрапіць на Крапівенскае поле. Тульжанкова адзначыла, што каля памятных крыжоў і каменя на Крапівенскім полі ўсе суткі — з 5 па 6 верасня дзяжурылі міліцыянты, якія не падпускалі да памятнага месца ўдзельнікаў фэсту.

Аднак, як паведамілі сайту www.charter97.org у прэс-службе арганізацыі «Малады Фронт», фэст «Аршанская бітва» усёткі адбыўся. Усталяваць сцэну на Крапівенскім поле не атрымалася, але невялікія акустычныя канцэрты пад гітару непадалёк ад месца правядзення Аршанскай бітвы прайшлі.

Нагадаем, кожны год напярэдадні правядзенні фэсту міліцыя перашкаджае правядзенню фэсту «Аршанская бітва». Так, у 2007 годзе міліцыянты заявілі, што ў Дняпры, непадалёк ад месца правядзення фэсту, знойдзеныя снарады. Крапівенскае поле было ачэпленае міліцыяй, а актывістаў апазіцыі, якія прыязджалі на фэст, арыштоўвалі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках