26 красавiка 2024, Пятніца, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Разбурэнне міфаў (Фота)

63

Чаму Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся спыніць збор подпісаў у сваю падтрымку?

Карэспандэнт «Салідарнасці», які пабываў на некалькіх пікетах, выстаўленых яго ініцыятыўнай групай, прапаноўвае свой адказ на гэтае пытанне.

Паводле заявы Аляксандра Лукашэнкі, яго каманда ўжо сабрала 600 тысяч подпісаў - нашмат больш, чым ініцыятыўныя групы іншых прэтэндэнтаў. Але карціна, якую прыйшлося назіраць на пікетах, прымушае засумнявацца ў гэтай лічбе. Ва ўсякім разе, у Менску ля столікаў, дзе прапаноўваюць паставіць аўтограф за Лукашэнку, ажыятажу не назіраецца. У той жа час выбаршчыкі даволі ахвотна падпісваюцца за апазіцыйных палітыкаў. Да такой высновы карэспандэнт «Салідарнасці» прыйшоў, паназіраўшы за шэрагам кропак (ля ГУМа, кінатэатра «Перамога», на станцыі метро «Інстытут культуры», на вуліцы Няміга) на працягу некалькіх гадзін.

Незвычайнасць, якая кідаецца ў вочы на пікетах за Лукашэнку, - гэта адсутнасць любой інфармацыі пра «кандыдата ў кандыдаты». На стэндах толькі каляровы партрэт цяперашняга кіраўніка дзяржавы і плакат, які абвяшчае пра тое, што тут можна паставіць подпіс у падтрымку яго вылучэння.

Ініцыятыўныя групы іншых прэтэндэнтаў працуюць куды больш актыўна. У выніку, да прыкладу, ля ГУМа, дзе пікетоўцы стаяць плячом да пляча, з-за наплыву жадаючых падпісацца за Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага часам узнікаюць невялікія чэргі. У той час як прадстаўнікі «ўсенародна абранага» сумуюць ў ганарлівай адзіноце. За гадзіну свае аўтографы ў падтрымку кіраўніка краіны ў такім ажыўленым месцы паставілі ўсяго 5 чалавек.

Самым крэатыўным учынкам ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі стала размяшчэнне аднаго са столікаў для збору подпісаў каля кінатэатра «Перамога» пад афішамі фільмаў «Зноў ты» і «Прыстанак зла». Пасля таго, як па Байнэце разляцеліся здымкі, якія зафіксавалі гэты кур'ёз, пікет змяніў дыслакацыю, перавандраваўшы за рог будынка.

Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць у сяброў ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі якога б там ні было запалу. На пытанні яны адказваюць сцісла, за свайго прэтэндэнта ніяк не агітуюць. Вось характэрны дыялог, які адбыўся каля аднаго з пікетаў.

- Чаму ў іншых кандыдатаў падрабязныя біяграфічныя даведкі на стэндах, а ў вашага - толькі партрэт? Дзе можна даведацца пра яго больш?

- А што вы пра яго яшчэ не ведаеце? - незласліва адказвае стомленая жанчына. - Тэлевізар уключыце...

Каля наступнага пункта збору подпісаў у падтрымку Лукашэнкі на пытанне, за якога кандыдата аддаць свой подпіс, чую ў адказ: «Ды за любога! Ой, ну, гэта значыць, можна і за нашага, але толькі адзін раз».

Гэтыя карцінкі, па сутнасці, разбураюць міф аб масавай падтрымцы беларусамі цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Верагодна, менавіта таму Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся, каб яго ініцыятыўная група спыніла збор подпісаў. Пад добрапрыстойнай падставай: маўляў, хопіць ужо...

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках