9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пачынаецца працэс па ліквідацыі фірмы «Палоніка»

Начальнік падатковай інспекцыі Ленінскага раёна Гародні звярнуўся ў суд з прапановай узбудзіць справу аб банкруцтве фірмы «Палоніка».

Фірма «Палоніка» дзейнічае пры непрызнаным уладамі Саюзе палякаў. Па выніках праверкі падатковая інспекцыя наклала на фірму штраф у памеры каля 40 тысячаў даляраў. Фірма яго не выплаціла, перадае «Радыё Свабода».

Штраф фірме «Палоніка» быў прызначаны за тое, што фірма атрымлівала дапамогу ад «Вспульноты польскай», арганізацыі, якая падтрымлівае сувязі з палякамі па ўсім свеце.

Суд палічыў, што фінансы ад «Вспульноты» трэба разглядаць як гуманітарную дапамогу, а не як гаспадарчую дамову, за якую належыць плаціць іншыя падаткі. Супрацоўнікі фірмы «Палоніка» катэгарычна не згаджаюцца з такім рашэннем.

Актывіст Саюза палякаў Анджэй Пачобут кажа, што ў фірмы з «Вспульнотай польскай» была падпісаная гаспадарчая дамова, грошы пералічваліся ім на рахунак, з іх бралі падаткі і раптам у адзін момант абвясцілі гэта гуманітарнай дапамогай. Ён кажа, што рашэнне суда нельга назваць юрыдычным і прыводзіць свае аргументы.

«Якім чынам суд прызнаў гуманітарнай дапамогай тое, з чаго браліся падаткі? Чаму няма прыватнага азначэння суда, каб пакараць тых чыноўнікаў, банк за тое, што былі ўзяты гэтыя грошы ў выглядзе падаткаў не за гуманітарную дапамогу, а як за гаспадарчае супрацоўніцтва?», - запытваецца актывіст.

Анжаліка Арэхва, кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюза палякаў, кажа, што з пачатку года на курсах польскай мовы навучаліся да 400 чалавек. Пераважна гэта школьнікі з Гародні і Гарадзенскага раёна, аплата за курсы была сімвалічнай.

«280 тысячаў за ўвесь курс навучання, гэта аплата за 9 месяцаў. Частку даплочвала «Вспульнота польская», яны гэта таксама палічылі за гуманітарную дапамогу. Ну, відавочна, што гэтая справа цалкам палітычная і няма чаго нават казаць», - паведаміла Анжаліка Арэхва.

Анджэй Пачобут узгадвае, як праходзілі судовыя паседжанні і распавядае, што ў залу суда не дапускалі нават іх адваката. Ён лічыць, што справа носіць выключна палітычны характар. Яшчэ нядаўна беларускія ўлады, паводле яго словаў, абвясцілі, што накіравалі справу ў архіў і раптам яна зноў усплывае ў судзе.

«Адзін раз у адзін бок хіснецца беларуская ўлада, другі раз ужо ў супрацьлеглы. Як гэта патлумачыць? Гэта такая стратэгія? Ды няма ў іх ніякай стратэгіі, ёсць нейкая тактыка: адзін раз так зробяць, а другі раз інакш», - здзіўляецца Анджэй Пачобут.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках