20 красавiка 2024, Субота, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: З неадэкватным Лукашэнка немагчыма працаваць

118
Расейскія СМІ: З неадэкватным Лукашэнка немагчыма працаваць

Аднаўленне партнёрскіх стасункаў з Беларуссю магчымае толькі пры змене ўлады.

Калі ў кагосьці заставаліся нейкія ілюзіі адносна расейска-беларускага партнёрства, будучыні «саюзнай дзяржавы» ці хаця б адэкватнасці Лукашэнкі, у мінулы панядзелак яны павінны былі развеяцца, перадае радыёстанцыя «Голас Расеі» са спасылкай на газету «Ніжагародская праўда».

У мінулы панядзелак было апублікаванае інтэрв'ю, якое Аляксандр Рыгоравiч даў польскім выданням ў канцы мінулага тыдня. З усяго ім сказанага ў гэтым інтэрв'ю вынікае адно: Лукашэнка зусім перастаў сябе стрымліваць і рыхтуецца канчаткова пасварыцца з Масквой. Калі ўжо не пасварыўся.

Простым тэкстам

Тут, уласна кажучы, нават каментаваць асабліва няма чаго. Дастаткова прывесці толькі некалькі не самых рэзкіх выказванняў Лукашэнкі, каб пераканацца ў некаторай яго, мякка скажам, неадэкватнасці.

Разважаючы пра фактычную фіктыўнасць «саюзнай дзяржавы», Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў дзвюх краінах павінны былі прайсці рэферэндумы па прыняцці новай «саюзнай» канстытуцыі. «Але Расея не захацела пайсці на рэферэндум. Яна, прабачце, пахерыла саюзную дамову», - так патлумачыў правал праекту «саюзнай дзяржавы» беларускі кіраўнік, забыўшыся згадаць, што ён сам адкідаў усе магчымыя праекты саюзнай канстытуцыі, прапанаваныя Расеяй.

У адказ на заўвагу польскіх журналістаў, што ён занадта доўга прэзідэнцтвуе, Лукашэнка заявіў літаральна наступнае: «Гэта вашыя праблемы. У нас такое магчыма, у Расеі - таксама». Палякі не прамінулі заўважыць, што ў Расеі прэзідэнт ужо не Пуцін. «Як? А хто?» - «здзівіўся» Лукашэнка.

Напэўна, яму здавалася, што гэта выглядала дасціпна. З боку ж гэты «жарт» рабіў уражанне дрэнна схаванага хамства і грубасці, недапушчальных ў вуснах кіраўніка дзяржавы, тым больш у дачыненні да кіраўніка іншай дзяржавы. Так «жартаваць» могуць КВЗэншчыкі, журналісты, але толькі не прэзідэнты ў афіцыйных інтэрв'ю. Таму што звычайна за падобнымі жартамі стаіць дыпламатычны скандал і іншыя не менш сур'ёзныя наступствы.

Здаецца, Лукашэнка ўжо не баіцца ніякіх наступстваў. Як інакш патлумачыць яго новыя, нічым не справакаваныя нападкі на прэзідэнта Расеі Мядзведзева. Калі журналісты нагадалі яму пра жорсткую крытыку, якая прагучала ў кастрычніку ў відэаблогу расейскага прэзідэнта, Лукашэнка сказаў, што ён сцерпіць такую крытыку, паколькі гэта датычыць асабіста яго: «Вось калі б гэта датычыла дзяржавы, дык я з ім не павітаўся б ні разу. Ды і не на шкоду мне гэта. Гэта ён паказаў, які ён палітык». Ну вось, зноў - зусім не дыпламатычная і відавочна не прымірэнчая заява.

Наагул, тон, сэнс і змест каментароў Аляксандрам Рыгоравічам расейска-беларускіх стасункаў і дзейнасці канкрэтных службовых асобаў і кіраўнікоў Расеі не пакідае сумненняў у тым, што ён сам рашуча і канчаткова гатовы «пахерыць» гэтыя стасункі. Людзі, якія разлічваюць на працяг супрацоўніцтва, так сябе не паводзяць. Абразіўшы і Мядзведзева, і Пуціна, з кім цяпер Лукашэнка разлічвае весці справы ў Расеі?

Вядома, Аляксандра Лукашэнку можна зразумець. У яго на носе выбары. Напэўна, самыя складаныя з усіх, у якіх яму даводзілася ўдзельнічаць.

Грошай няма. Ну, ці, скажам карэктней, грошай не хапае. Прычым, як простым беларускім выбаршчыкам, так і вышэйшаму беларускаму кіраўніцтву. Псаванне стасункаў з Расеяй вылілася ў сапраўдную гандлёвую вайну. З новага года «Газпрам» падвышае кошты на газ да непрымальнага для Менска ўзроўню. Гэта значыць кошт усё роўна будзе ніжэй за сярэднесусветны, але нават такі кошт Менск не пацягне.

Відавочна, што прыйдзецца зацягваць паясы. Не плаціць «Газпраму» папросту нельга. Кіраўніцтва карпарацыі ўжо прызвычаіла ўсіх сваіх кліентаў да няўхільнага закону: няма грошай - няма газу. Паспрабуй Лукашэнка заўпарціцца, і з новага года Беларусь застанецца без расейскага газу. А шантажаваць перакрыццем трубы і крадзяжом газу не атрымаецца.

Большая частка экспартнага расейскага газу паступае ў Еўропу праз Украіну, і якраз цяпер з Кіевам у Масквы выдатныя стасункі. І таму яна можа дазволіць сабе цалкам перакрыць засаўку на мяжы з Беларуссю і пусціць газ выключна па ўкраінскіх трубаправодах. Будзе цяжка, але магчыма. І ў Менску гэта ведаюць.

А больш шантажаваць Расею няма чым. Ваеннымі базамі, за якія Масква нібыта не плаціць Беларусі ні капейкі? Лукашэнка ніколі не адважыцца сур'езна запатрабаваць згарнуць іх, паколькі яны яму патрэбныя больша, чым Расеі. Меркаваць сітуацыю, пры якой ваенныя базы ў Беларусі маглі б спатрэбіцца Расеі для канфлікту з Еўропай, проста немагчыма. Ні сёння, ні заўтра, ні ў бліжэйшыя паўстагоддзя дакладна.

У Расеі з Еўропай стасункі цяпер найлепшыя, на ўсю моц ідзе распрацоўка канцэпцыі дамовы аб агульнаеўрапейскай бяспецы, канцэпцыі, у выпадку паспяховай рэалізацыі якой Расея цалкам можа заняць у Еўропе месца ЗША. І ўтрымліваць тады ў Беларусі ваенныя базы будзе зусім непатрэбна. Нават з Польшчай стасункі ў Расеі цяпер лепш, чым з Беларуссю, не кажучы ўжо пра Германію і Італію.

Нядаўна ў Менск прыязджалі міністры замежных справаў Польшчы і Германіі, Радаслаў Сікорскі і Гіда Вестэрвеле, якія, па сутнасці, прамым тэкстам паабяцалі 3 млрд еўра ў дапамогу Беларусі, калі выбары 19 снежня пройдуць больш дэмакратычна, чым ранейшыя.

Але ж гэта ўсё латанне дзірак, гэта ўсё на час, прычым вельмі непрацяглы. Праз пару-тройку месяцаў, калі нічога не зменіцца, беларускія выбаршчыкі адчуюць рэзкае зніжэнне ўзроўню жыцця, і наўрад ці яны будуць удзячныя за гэта цяперашняму кіраўніку. І таму Лукашэнка так спяшаецца правесці выбары да новага года, да пачатку паўнавартаснага эканамічнага і сацыяльнага крызісу ў Беларусі. І таму так актыўна і азартна загадзя шукае вінаватых, тых, каго можна будзе абвінаваціць у гэтым крызісе. І, увогуле, ён ужо знайшоў, каго абвінаваціць, - Расею.

У Лукашэнкі няма перспектываў

З раскладам перадвыбарчага пас'янса ў Лукашэнкі праблемаў не ўзнікне. Расея павышае кошты на газ, Расея падвышае пошліны на нафту, Расея крытыкуе «усенародна абранага прэзідэнта» і спрабуе яго скінуць - гэта Расея вінаватая ва ўсіх нашых бедах і праблемах. Так Лукашэнка патлумачыць сітуацыю народу.

Але што далей? Як ён мае намер працаваць далей? І як з ім маюць намер працаваць далей – ці то ў Маскве, ці то ў Брусэлі?

З Брусэлем ўсё больш-менш зразумела. Ледзь «пераабраўшыся», Лукашэнка адразу ж забудзе усе свае абяцанні па дэмакратызацыі краіны, зноў распачне ўціскаць апазіцыю і незалежныя СМІ, і ў Брусэлі зноў раздражнёна адвярнуцца ад «апошняга дыктатара Еўропы», бяссільна чакаючы, пакуль улада ў Беларусі не зменіцца як-небудзь сама . Не настолькі ўжо значная Беларусь для Еўропы, каб апошняй самой улазіць у яе праблемы - сваіх хапае.

Расея так жа вось адвярнуцца і махнуць рукой не можа. Беларусь для яе значна больш важная, чым для Еўропы, нават калі яна сама гэтага не ўсведамляе. Але працаваць з Беларуссю Лукашэнкі стала ўжо практычна немагчыма. З тупіку, які склаўся, можа быць тры выхады. Альбо цалкам замарозіць усе стасункі з Беларуссю і беларускім кіраўніцтвам, як гэта было зроблена з Грузіяй і грузінскім кіраўніцтвам, і чакаць, пакуль так ці інакш у Менску не зменіцца ўлада.

Альбо ў чарговы раз заплюшчыць вочы на лукашэнкаўскія дзівацтвы і зноў паспрабаваць прымірыцца і дамовіцца. Альбо тым ці іншым актыўным чынам паспрабаваць змяніць ўладу ў Беларусі. Ці дапамагчы змяніць, як на Украіне.

Першы варыянт першапачаткова непрымальны. Беларусь не Грузія, так жа лёгка ахвяраваць стасункамі з ёю немагчыма. Другі варыянт, пасля ўсіх словаў сказаных Лукашэнкам і Мядзведзевым адзін пра аднаго, таксама падаецца вельмі малаверагодным. Застаецца трэці варыянт.

Напісаць каментар 118

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках