Расея можа забараніць прапампоўку венесуэльскай нафты
20- 17.11.2010, 15:20
Латвія і Беларусь павінны дамаўляцца з «Транснафтапрадуктам» пра запуск нафтаправода «Наваполацк Вентспілс» у рэверс.
Пра гэта заявіў амбасадар Рыгі ў Менску Міхаіл Папкоўс, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».
«Трэба ўлічваць, што сама труба належыць кампаніі «Латтранс», у якой дзве траціны статутнага фонду належаць «Вентспілс Нафта», а траціна - расейскай кампаніі «Транснафтапрадукт», 100-адсоткавай «дачцэ» «Транснафты». Паводле статута расейскія акцыянеры маюць права вета на працу нафтаправода ў рэверс», - сказаў амбасадар Латвіі.
Ён дадаў, што беларускія і латвійскія суб'екты гаспадарання перш чым распрацоўваць бізнэс-планы па пераводу нафтаправода ў рэверсны рэжым павінны дамаўляцца з расейскім бокам.
«Трэба дамаўляцца з расейскім бокам, каб ён даў згоду, альбо прадаў свае акцыі трэцяму боку, які пагодзіцца ўдзельнічаць у праекце», - сказаў дыпламат.
Паводле яго словаў, Латвія таксама жадала б мець ад Беларусі гарантыі па доўгатэрміновым развіцці гэтага праекта.
«Трэба мець на ўвазе, што транзітны бізнэс павінен мець пад сабой доўгатэрміновую перспектыву. «Вентспілс Нафта» зацікаўленая ва ўдзеле ў гэтым праекце, але жадае бачыць доўгатэрміновыя гарантыі для інвестыцый і яснае бачанне бізнэсу на шмат гадоў наперад», - сказаў Папкоўс.
Паводле яго словаў, Беларусь на працягу 2010 года вяла з гэтай кампаніяй адпаведныя перамовы. Спачатку гаворка ішла пра пяцігадовы перыяд супрацоўніцтва, затым гэты тэрмін скараціўся да паўтара года. Цяпер Беларусь вядзе гаворку пра магчымасць заключэння кантракту на выпрабавальную прапампоўку венесуэльскай нафты ў рэверс па нафтаправодзе.
Дыпламат нагадаў, што нафтаправод «Наваполацк Вентспілс» не эксплуатуецца з 2004 года. У цяперашні момант ён запоўнены тэхналагічнай нафтай. Акрамя таго, гэты маршрут першапачаткова быў арыентаваны на экспарт расейскай нафты і ўся яго інфраструктура наладжана адпаведным чынам. Таму для аднаўлення эксплуатацыі нафтаправода і пераводу яго ў рэверсны рэжым неабходныя інвестыцыі і правядзенне складаных тэхналагічных мерапрыемстваў. У прыватнасці, з нафтаправода трэба зліць тэхналагічную нафту і правесці поўнае абследаванне трубаў як на беларускай, так і на латвійскай тэрыторыі. Таксама трэба ўсталяваць новае помпавае абсталяванне, якое дазволіць трубе працаваць у зваротным рэжыме.
Дыпламат дадаў, што таксама спатрэбяцца інвестыцыі ў мадэрнізацыю партовай інфраструктуры, каб стварыць магчымасць запампоўкі нафты з танкераў у нафтаправод.
Паводле меркавання латвійскіх экспертаў, для запуску нафтаправода ў рэверс можа спатрэбіцца да аднаго года з таго моманту, як усе ўдзельнікі праекта дасягнуць адпаведнай дамоўленасці.