«Газпрам» пакінуў Сямашку з кантрактам
11- 30.11.2010, 15:21
Старшыня праўлення «Газпрама» Аляксей Мілер і віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка правялі ў аўторак працоўную сустрэчу.
Бакі падвялі папярэднія вынікі супрацоўніцтва ў 2010 годзе. У прыватнасці, гаворка ішла пра пастаўкі і транзіт газу, а таксама пра дзейнасць сумеснай газатранспартнай кампаніі ААТ «Белтрансгаз», цытуе паведамленне «Газпрама» «Інтэрфакс-Захад».
На сустрэчы таксама былі разгледжаныя планы працы на 2011 год. Бакі адзначылі, што кошт пастаўкі будзе вызначацца па формуле ў поўнай адпаведнасці з дзейсным кантрактам.
ААТ «Газпрам» і ААТ «Белтрансгаз» у снежні 2006 года падпісалі кантракт на пастаўку і транзіт газу ў 2007-2011 гадах.
Дакументам, у прыватнасці, была вызначаная формула кошту з 1 студзеня 2008 года (адпаведная формуле кошту пры пастаўках расейскага газу ў Еўропу), а таксама паніжальныя каэфіцыенты кошту на 2008-2010 гады (0,67, 0,8 і 0,9 адпаведна).
ААТ «Газпрам» і Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь у траўні 2007 года падпісалі дамову куплі-продажу 50% акцый ААТ «Белтрансгаз» за $2,5 млрд роўнымі долямі на працягу чатырох гадоў. У 2010 годзе здзелка была завершаная.