Беларускія трактарабудаўнікі губляюць расейскі рынак
11- 13.12.2010, 9:59
Галоўная прычына – рост вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі ў самой Расеі.
Паводле даследавання «АСМ-Холдынгу», дадзеныя якога прыводзіць «Ведамасці», доля расейскіх вытворцаў трактароў у першым паўгоддзі 2010 года павялічылася да 34,7% з 31,8% у аналагічным перыядзе мінулага года. Прыкметна скарацілася прысутнасць на расейскім рынку вытворцаў з Беларусі - іх доля паменшылася з 42,2% да 34,8%.
А вось доля імпартаваных з іншых краінаў камбайнаў вырасла з 26% да 30,5%. Расейскія кампаніі губляюць долю на рынку збожжапрыбіральных камбайнаў: у першым паўгоддзі яна скарацілася з 90,1% да 84,8% за кошт росту імпарту, піша «Штодзённік».
Мяркуецца, што ў 2010 годзе расейскія вытворцы сельгастэхнікі выпусцяць 5752 збожжапрыбіральныя і 804 кормаўборачныя камбайны, што на 20% і на 14,7% адпаведна менш за паказнікі мінулага года, прагназуюць спецыялісты «АСМ-Холдынгу», прааналізаваўшы дадзеныя працы машынабудаўнічых прадпрыемстваў у першым паўгоддзі 2010 года. Вырасце толькі вытворчасць трактароў, аднак рост будзе ўмераным: на 6,5% да 8892 адзінак.
Найбуйнейшым гульцом на рынку трактароў у Расеі стаў мардоўскі «Сарэкс», які, дарэчы, выпускае МТЗ-1221 - лепшы трактар 2009 года ў Расеі. У першым паўгоддзі ён выпусціў 998 адзінак тэхнікі.